Скриншот видео
У Беларусі ў рамках дзяржпраграмы “Лічбавая Беларусь” на 2026-2030 гады прыступілі да стварэння “нацыянальнага контуру штучнага інтэлекту”. Пра гэта ў эфіры СТБ паведаміў міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі.
“Мы ўжо прыступілі да стварэння свайго нацыянальнага контуру штучнага інтэлекту”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, праўда, гаворка не ідзе пра вялікую моўную мадэль.
“Але паўтаруся, гэта не нейкая новая вялікая моўная мадэль, якая будзе даступная ўсім грамадзянам. Гэта ў першую чаргу разгорнутыя вялікія моўныя мадэлі Open Source, але з пэўнымі дапрацоўкамі ў выглядзе кантэкстных слаёў для выкарыстання на абсталяванні, якое будзе ўсталявана ўнутры Рэспублікі Беларусь, для выключэння рызыкі трансгранічнай перадачы адчувальных даных пры іх апрацоўцы”, – растлумачыў ён.
Залескі таксама прывёў прыклад выкарыстання ШІ ў Беларусі. Паводле яго слоў, менавіта з дапамогай штучнага інтэлекту ў аўтаматычным рэжыме вядзецца фіксацыя некаторых парушэнняў ПДР.
“Сёння ўжо прыходзяць штрафы не толькі за хуткасць, але і за праезд на чырвонае святло і за шэраг іншых, перасячэнне разметкі і гэтак далей. Як гэта зроблена? Зроблена тымі ж самымі тэхналогіямі, штучным інтэлектам, дзе жалеза не дададзена. Ёсць рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі. І сёння яна дапрацавана настолькі, што відэатрафік яна аналізуе ў аўтаматычным рэжыме і дазваляе аўтаматычна зафіксаваць шэраг парушэнняў правілаў дарожнага руху.
Спецыяльна навучаны супрацоўнік праглядае не ўвесь паток з усіх 60 тыс. камер, а той фрагмент, па якім прыходзіць падазрэнне на парушэнне. Натуральна, пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні выпісвае жывы інспектар. Але той набор даных, які ён павінен прааналізаваць, яму кропкава, фрагментарна, прыходзіць якраз-такі з першай лініі аналізу. Гэты аналіз робіць штучны інтэлект. Гэта тое, што самае, напэўна, апошняе: некалькі месяцаў, паўгода сістэма была ўкаранёная”, – расказаў Залескі.
Міністр таксама адзначыў, што ў Беларусі ў галіне рэгулявання ШІ пачынаюць з тэхнічных нарматываў.
“Мы пачынаем з тэхнічнага рэгулявання, са статута, з распрацоўкі пэўных тэхнічных рэгламентаў. А далей, натуральна, у кожным галіновым блоку і ў кожнай прадметнай вобласці нам патрэбныя свае рэгулюючыя нормы па выкарыстанні інтэлекту, а менавіта па прыняцці гэтага рашэння як валіднага. Вось штучны інтэлект, мадэль выдала нейкі вынік, мы прымяняем без пераправеркі, без верыфікацыі”, – сказаў ён.