Изображение: УГАИ ГУВД Мингорисполкома
УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама 16–18 сакавіка будзе праводзіць прафілактычнае мерапрыемства ў дачыненні да пасажырскіх перавозак аўтобусамі.
“Увага інспектараў звернута на тэхнічны стан маршрутных транспартных сродкаў і выкананне іх вадзіцелямі ПДР. Таксама інспектарамі ажыццяўляецца кантроль за выкананнем вадзіцелямі іншых транспартных сродкаў правілаў прадастаўлення перавагі маршрутнаму транспарту і правамернасцю іх руху па палосах, прызначаных для грамадскага транспарту”, — папярэдзілі ў ДАІ.
Будуць таксама задзейнічаны рэсурсы сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
У ДАІ таксама палічылі патрэбным нагадаць пасажырам, што падчас руху “неабходна абавязкова трымацца за поручні, каб пры экстраным тармажэнні пазбегнуць падзення і траўмавання”. Вадзіцелі ж грамадскага транспарту павінны рухацца з асаблівай асцярожнасцю.
“Надзвычай важна быць максімальна асцярожнымі пры пасадцы пасажыраў, паколькі дзверы, што зачыняюцца, могуць заціснуць ім часткі цела, адзенне або ручную паклажу. Калі гэта адбылося, ні ў якім разе не пачынайце рух, а адчыніце дзверы, каб пасажыр мог зайсці або выйсці з транспарту”, — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, на мінулым тыдні вадзіцель мінскага аўтобуса не заўважыў, што руку пажылой жанчыны заціснула ў дзвярах, і крануўся з прыпынку. У выніку жанчына трапіла пад колы аўтобуса.