Мінскага бізнесмена падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на суму больш за 1,6 млн рублёў

У Мінску 45-гадовага прадпрымальніка падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Паводле папярэдніх даных, ён недаплаціў у бюджэт больш за 1,6 млн рублёў, а шкода дзяржаве перавысіла 430 тыс. рублёў, паведамілі ў Следчым камітэце.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, мінчанін быў заснавальнікам і дырэктарам сталічнай кампаніі, якая некалькі гадоў пастаўляла дзяржаўным арганізацыям водаправоднае і ацяпляльнае абсталяванне па завышаных цэнах.

Для рэалізацыі схемы мужчына выкарыстоўваў падкантрольныя яму прадпрыемствы, у тым ліку зарэгістраваныя ў Расіі на сваякоў і знаёмых. Фактычна ўсімі кампаніямі ён кіраваў самастойна.

Як высветлілі следчыя, здзелкі паміж фірмамі мелі фармальны характар. Прадпрымальнік афармляў фіктыўнае перамяшчэнне тавараў паміж падкантрольнымі арганізацыямі і завышаў транспартныя выдаткі. Гэта дазваляла яму ўстанаўліваць гандлёвую надбаўку з улікам цэн канкурэнтаў, а не фактычных выдаткаў прадпрыемства.

Акрамя таго, у некаторых выпадках ён наўмысна мяняў найменні тавараў, каб прадаваць іх розным пакупнікам па розных цэнах.

Падчас расследавання выяўлена, што кошт абсталявання завышаўся з парушэннем заканадаўства. У асобных выпадках гандлёвая надбаўка дасягала 65% ад адпускной цаны тавару пры ўстаноўленым максімуме ў 15%.

Незаконную дзейнасць выявілі і спынілі супрацоўнікі УДФР КДК па Віцебскай вобласці.

У дачыненні да прадпрымальніка распачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Следчыя ўстанаўліваюць усе эпізоды меркаванай супрацьпраўнай дзейнасці і прымаюць меры для кампенсацыі прычыненай дзяржаве шкоды.