Фото: president.gov.by
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання адчыталася аб ураджаі ў 11 млн т. Паводле даных ведамства, на 3 лістапада намалочана 11,047 млн т збожжавых, у якія для большага аб’ёму залічылі насенне рапсу.
Даныя па намалоце асобных культур не прыводзяцца. Аднак паводле інфармацыі Белстата на 1 кастрычніка, у краіне было атрымана 7,567 млн т збожжавых і зернебабовых, што на 5,2% менш, чым летась. Ураджай рапсу склаў 1,49 млн т і вырас у параўнанні з мінулым годам на 49,4%.
Трэба адзначыць, што летась аграрнае ведамства адчыталася аб 11 млн т толькі 26 лістапада.
Мінсельгасхарч дае даныя аб ураджаі ў першапачаткова апрыходаванай вазе. Пасля гэтага збожжа падвяргаецца дапрацоўцы, у тым ліку ачыстцы і сушцы, з-за чаго выніковы аб’ём вытворчасці збожжа і алейных культур аказваецца меншым.