Мінпрам разлічвае падцягнуць машынабудаванне і разгрузіць склады да канца года

Міністэрства прамысловасці разлічвае да канца года аднавіць аб’ём вытворчасці ў машынабудаванні і часткова разгрузіць склады. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры заявіў міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў.

«Мы падыходзім з нядрэннымі вынікамі. Але ў нас ёсць яшчэ цэлы квартал, дзе мы павінны падцягнуць да тых паказчыкаў, якія давяла нам краіна. На сённяшні дзень у нас па аб’ёмах вытворчасці 97% мы бачым па выніках дзевяці месяцаў, па выніках года мы бачым больш за 100% ад аб’ёму вытворчасці», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, аб’ём экспарту машынабудавання перавышае леташнія паказчыкі на 2,1%. Міністр таксама чакае зніжэння складскіх запасаў.

«У нас скарачаюцца складскія рэшткі, і гэта не можа не радаваць. І мы бачым, што пры выкананні больш за 100% аб’ёму вытворчасці мы складскія запасы скароцім як мінімум на 10-12%», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб рэнтабельнасці машынабудавання, міністр паспрабаваў запэўніць, што ў цэлым галіна працуе прыбыткова.

«Скажу, што галіна Міністэрства прамысловасці працуе з прыбыткам, рэнтабельна. Так, ёсць пэўныя прадпрыемствы, якія не дацягваюць да чыстага прыбытку. Але пастаўленыя задачы і тыя рашэнні, якія прынятыя на ўзроўні Міністэрства прамысловасці, на ўзроўні ўрада, паказваюць, што да канца года гэтыя прадпрыемствы спрацуюць як мінімум без страт. Таму што сітуацыю мы з вамі бачым, якая вакол Рэспублікі Беларусь. Гэта пачынаючы ад лагістыкі, абмежаванняў па лагістыцы ў сувязі з пэўнымі дзеяннямі на тэрыторыі нашых партнёраў, нашых суседзяў, якія заблакіравалі… Але пры гэтым яшчэ раз паўтару, што прамысловасць працуе рэнтабельна», — сказаў ён.

Паляпшэнне спраў сёлета адзначылі і кіраўнікі двух прамысловых прадпрыемстваў. Складана год пачынаўся ў «Гомсельмаша».

«Мы 2026 год пачыналі вельмі, вельмі складана, з улікам таго, што тэхніка, якую вырабляе кіруючая кампанія холдынга, наш асноўны рынак — гэта рынак Расійскай Федэрацыі. А з улікам турбулентнасці, якая ёсць на нашым рынку, нам па заданні нашага профільнага міністэрства давялося пераразмеркаваць напрамкі рэалізацыі нашай тэхнікі. І дзякуючы гэтай магчымасці і задачам, якія перад намі стаялі, мы на сённяшні момант упэўнена рухаемся да выканання гэтай задачы», — сказаў гендырэктар ААТ «Гомсельмаш» Віталь Шэлег.

Ён таксама пацвердзіў зніжэнне складскіх запасаў. Ратуюць у тым ліку пастаўкі ў Афрыку.

«Складскія рэшткі ў нас зніжаюцца. Гэта вельмі добры сігнал, што наша тэхніка карыстаецца попытам на нашым асноўным рынку, а таксама на нашых іншых рынках. У першую чаргу мы нядрэнна працуем на нашым рынку далёкай дугі з афрыканскім рэгіёнам. Для нас новы напрамак — гэта такія краіны, як Тога, Нігерыя, Зімбабвэ. Гэта значыць, наша тэхніка патроху пачынае быць прадстаўленая ў гэтым рэгіёне. Таксама нядрэнна працуем на рынку нашай братэрскай краіны Рэспублікі Казахстан», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, па выніках васьмі месяцаў прадпрыемства выйшла на стабільную працу.

«Працуем з усімі відамі нашых затрат, стабілізавалі працу з нашымі пастаўшчыкамі і бачым, што вынік такой зладжанай працы вялікага механізма — гэта выхад на стабільную працу. Працу з чыстым прыбыткам, працу з нашымі пастаўшчыкамі, у першую чаргу па якасці», — сказаў ён.

У падобным ключы выказаўся і гендырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» Міхаіл Сымановіч.

«Сёлета таксама для прадпрыемства пачатак года быў незразумелым. Яшчэ ў пачатку года мы не зусім разумелі, як будзем гэты год заканчваць. Аднак паступова мы пайшлі на пэўныя такія конкурсы і атрымалі перамогу там, дзе нас не зусім, можа быць, недзе і чакалі, але, тым не менш, на сённяшні дзень прадпрыемства мае шэраг экспартных кантрактаў, якія дазваляюць нам дастаткова паспяхова бачыць заканчэнне гэтага года і ў частцы экспарту, і ў частцы ўнутранага рынку», — сказаў ён.

Асноўнымі экспартнымі напрамкамі «Белкамунмаша» з’яўляюцца Расія і Казахстан, у прыватнасці, завершана пастаўка тралейбусаў у Яраслаўль, выконваецца кантракт на трамвайныя вагоны для Чалябінска.