Фото: facebook.com/BankofAmerica
Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла аб мерах спагнання з Bank of America, другога найбуйнейшага банка ЗША, на агульную суму больш за 1,21 млрд долараў за парушэнні заканадаўства аб супрацьдзеянні адмыванню грошай і выкананні санкцый. Пра гэта ведамства паведаміла 13 кастрычніка.
Сярод парушэнняў — несвоечасовая перадача звестак пра падазроныя транзакцыі і правядзенне плацяжоў у абыход санкцыйных абмежаванняў, у тым ліку звязаных з Беларуссю і Расіяй.
Асноўную частку спагнання — 1,2 млрд долараў — прызначыла Сетка па барацьбе з фінансавымі злачынствамі (FinCEN). Паводле даных ведамства, банк своечасова не паведаміў пра падазроныя аперацыі на суму больш за 5 млрд долараў.
У пастанове FinCEN прыводзяцца канкрэтныя прыклады, якія датычацца аперацый з Беларуссю. Так, у жніўні 2022 года адзін з кліентаў банка (Customer A) атрымаў 290 уваходных банкаўскіх пераводаў з Беларусі на агульную суму 3,5 млн долараў. Атрымальнік быў звязаны са сферай анлайн-аўкцыёнаў аўтамабіляў.
Штраф у памеры 750 млн долараў быў прызначаны банку Упраўленнем кантралёра грашовага абарачэння ЗША (OCC) за недахопы ў праграме супрацьдзеяння адмыванню грошай. Паводле даных рэгулятара, сістэма маніторынгу транзакцый банка не забяспечвала належнага кантролю за аперацыямі на трыльёны долараў, што прыводзіла да затрымак у перадачы паведамленняў пра падазроную актыўнасць.
Яшчэ 11,6 млн долараў Bank of America пагадзіўся выплаціць у рамках урэгулявання прэтэнзій Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC). Яны датычацца 475 меркаваных парушэнняў санкцыйных рэжымаў ЗША, уключаючы абмежаванні супраць Беларусі, Расіі, Ірана, М’янмы і Самалі, а таксама санкцыі, звязаныя з наркатрафікам і міжнародным тэрарызмам. Паводле даных OFAC, агульная сума транзакцый склала амаль 15 млн долараў.
«Гэтыя меркаваныя парушэнні адбыліся ў выніку таго, што Bank of America з прычыны тэхнічных і чалавечых памылак ажыццяўляў карэспандэнцкія банкаўскія плацяжы праз заблакаваныя банкі, дапускаў ажыццяўленне плацяжоў і зняцце сродкаў асобамі, уключанымі ў санкцыйныя спісы, праз неналежную настройку сістэм апавяшчэння аб санкцыях, несвоечасова абнаўляў спісы пад наглядам пасля ўнясення OFAC адпаведных асоб у санкцыйныя спісы, а таксама неналежным чынам апрацоўваў разліковыя рахункі, звязаныя з заблакаванымі асобамі, з прычыны чалавечай памылкі”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінфіна ЗША.
У рамках пагаднення з FinCEN Bank of America павінен прыцягнуць незалежны трэці бок для дадатковай праверкі аперацый, якія маглі застацца незаўважанымі, і перадаць звесткі пра іх рэгулятару. Таксама прадугледжаны незалежны аўдыт сістэм маніторынгу падазроных транзакцый і праверкі кліентаў.