Мінчука асудзілі на 3 гады за “перамогу” ў дзяржзакупках

Суд Крупскага раёна прызнаў вінаватым у махлярстве 50-гадовага жыхара Мінска. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (13,5 тыс. рублёў).

Абвінавачаны з’яўляўся дырэктарам прадпрыемства па вытворчасці тратуарнай пліткі і бардзюраў. У гэтай якасці ён прыняў удзел у працэдурах дзяржзакупак. Адной з устаноў аховы здароўя Крупскага раёна і прадпрыемству ЖКГ з Магілёўскай вобласці былі накіраваныя цэнавыя прапановы. Мужчына аказаўся пераможцам працэдур закупкі.

Ён заключыў дагаворы на пастаўкі тратуарнай пліткі і тратуарнага борта з установай з Крупскага раёна на 17 тыс. і 16 тыс. рублёў, а з прадпрыемствам ЖКГ – на суму больш за 45 тыс. рублёў.

Ён таксама змог атрымаць перадаплату ў поўным памеры па першых двух дагаворах і ў памеры 13,2 тыс. рублёў – па трэцім.

Праблема заключалася ў тым, што ў цэнавых прапановах былі пазначаныя заведама нявыгадныя ўмовы. Сума не пакрывала матэрыялы, неабходныя для вытворчасці пліткі і бардзюра.

Следства палічыла, што мужчына загадзя не меў намеру выконваць узятыя на сябе абавязацельствы.

“Атрыманымі грашовымі сродкамі на агульную суму каля 47 тыс. рублёў прадпрымальнік распарадзіўся па ўласным меркаванні. У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну не прызнаў”, – расказалі ў пракуратуры.

Аднак суд пагадзіўся з высновамі абвінавачання і прызнаў мужчыну вінаватым у махлярстве. Абвінавачаны заключаны пад варту ў зале судовых пасяджэнняў. Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.