Мінчук прыехаў на крыптавалютную здзелку з пісталетам і абрабаваў знаёмага

Жыхар Мінска сустрэўся са сваім знаёмым для абмену крыптавалюты, але замест сумленнай здзелкі стаў пагражаць пісталетам, забраў 2000 долараў і ўцёк. Дома падчас ператрусу ў яго знайшлі боепрыпасы і пнеўматычную вінтоўку.

Уначы 11 лістапада ў міліцыю патэлефанаваў 26-гадовы мінчук. Ён расказаў, што яго знаёмы, пагражаючы пісталетам, забраў у яго грошы.

Устаноўлена, што пацярпелы і абвінавачаны размаўлялі. Абвінавачаны сказаў, што збіраецца з’ехаць за мяжу і папрасіў абмяняць крыптавалюту. Раней яны ўжо здзяйснялі такія здзелкі, таму просьба аб сустрэчы не выклікала ў пацярпелага падазрэнняў, паведамляе Следчы камітэт.

Пацярпелы прыехаў на аўтамабілі да дома абвінавачанага. Той сеў у машыну і запатрабаваў аддаць яму грошы, пагражаючы пісталетам. Нападнік заявіў, што грошы яму патрэбныя для куплі наркотыкаў. Атрымаўшы 2000 долараў, абвінавачаны ўцёк.

38-гадовага нападніка затрымалі. Падчас асабістага ператрусу ў яго знайшлі пісталет Beretta Mod. 92FS, 15 патронаў калібру 9 мм і скрадзеныя грошы, а дома — пнеўматычную вінтоўку і боепрыпасы.

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб разбоі (ч. 1 арт. 207 КК) і незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў (ч. 2 арт. 295 КК). Ён заключаны пад варту.