Мінчанка апублікавала відэа з прусаком на століку пякарні «Цьеры» і расказала, што персанал установы рэагаваў на яго вельмі будзённа: дзяўчына на касе не надала значэння, яшчэ адна работніца злавіла прусака ў сурвэтку, і ніхто не папрасіў прабачэння.
«Быў знойдзены здраднік, які нават не саромеўся залазіць у талерку. На маю спробу данесці гэта да персаналу дзяўчына на касе зрабіла незадаволены твар, і нуль рэакцыі. Толькі другая дзяўчына адрэагавала на маю праблему, проста злавіўшы прусака ў сурвэтку так, быццам гэта адбываецца кожны дзень. Прабачэнняў я так і не пачула… » — піша карыстальніца пад нікам mari0t._
Пост набраў больш за 150 каментароў: адны пісалі, што гэта не першы прусак, выяўлены ў «Цьеры», і заракаўся туды хадзіць.
«Гісторыі з тараканамі ў “Цьеры” ўжо ходзяць даўным-даўно, дзіўна, што людзі гэтаму дагэтуль здзіўляюцца», — напісала _nelfya.
«Я бачыла тараканаў у цьеры і ў ГЦ і ў асобнай пякарні на перамогі яшчэ некалькі гадоў таму. Таксама ад работніц не заўважыла занепакоенасці», — напісала annacranberry.
Іншыя карыстальнікі Threads не ўбачылі праблемы: для іх тараканы ў грамадскім харчаванні — звыклая з’ява.
«Вось пацукі – гэта праблема, так. А тараканы – ну хз, жук і жук. Чаго так абурацца?» — здзівілася darimorozova_.
Прусакі ў грамадскім харчаванні – грубае парушэнне санітарна-эпідэміялагічных нормаў, і ў адпаведнасці з арт. 17.5 КаАП РБ установа можа атрымаць штраф да 500 базавых велічынь (22 500 рублёў). Санэпідэмслужба мае права прыпыніць працу такіх устаноў да ліквідацыі парушэнняў, і гэта звычайная практыка.
За суткі з моманту публікацыі паста пякарня не адказала на прэтэнзію наведвальніцы, і гэта ў яе духу: актыўнасць у сацсетках ва ўстановы аднабаковая — пасты публікуюць, але з кліентамі не размаўляюць. За год актыўнасці кандытарская не напісала ніводнага каментара, хоць адказваць было на што: паток скаргаў на сэрвіс і стравы даволі шчыльны, ды і прусакі былі заўважаныя не ўпершыню.
Але гэта не перашкаджае папулярнасці ўстановы: у «Цьеры» заўсёды ажыятаж, людзям падабаецца багаты выбар выпечкі і дэмакратычныя цэны, а з недахопамі многія гатовыя мірыцца.
«Мне здаецца, ужо ўсе, у каго ёсць інтэрнэт, ведаюць пра тараканаў і антысанітарыю там, дзясяткі гісторый ад супрацоўнікаў і наведвальнікаў. Але людзі туды ўсё роўна ходзяць, там амаль заўсёды бітком. Таму ім по*** на вашы заўвагі было і будзе 🙂 […] Многім сапраўды ўсё роўна на санітарыю, многія ўбачаць таракана, проста адвернуцца і будуць есці далей», — напісала мінчанка з нікам dashamarkelova_.