Мінчанка спрабавала выратаваць любімага сабаку і заплаціла ветклініцы 18 тыс. рублёў — не дапамагло

Мінчанка Вольга Вангаева апублікавала ў Threads падрабязную храналогію хваробы свайго 13-гадовага сабакі Рэйны. За паўтара месяца гадаванец перажыў 5 наркозаў і каля 17 дыягназаў, а сям’я заплаціла ветклініцы «САС Энімал Сэрвіс» 17 818,74 рубля і ў выніку была вымушана пагадзіцца на эўтаназію. За суткі пост сабраў тысячу лайкаў і чатыры сотні каментарыяў.

Пачалося ўсё з планавай працэдуры. У верасні Рэйне — паводле слоў гаспадыні, актыўнаму і жыццярадаснаму сабаку з выдатным апетытам — зрабілі ультрагукавую чыстку і выдалілі 16 зубоў. Перад гэтым гадаванец прайшоў поўны чэкап, уключаючы кансультацыю анестэзіёлага: супрацьпаказанняў не знайшлі.

Першыя дні пасля аперацыі былі спакойнымі, але 30 верасня сабака перастаў уставаць, дрыжаў і хістаўся. У клініцы патлумачылі гэта пасляаперацыйнымі швамі і выпісалі абязбольвальнае. Да вечара стала горш, а дома гаспадыня выявіла абгрызенае лісце манстэры. Далей — амаль сем тыдняў кіданняў паміж дзвюма клінікамі, стацыянарам і домам.

Дыягназы мяняліся ледзь не кожны візіт: гастрыт, іншароднае цела, новаўтварэнне страўніка, магчымая пухліна мозга, панкрэатыт, Адысан, інсулінома, сепсіс. Сабаку зрабілі 15 УГД, МРТ галавы, КТ, дзесяць разоў перапісвалі схему лячэння, прымусова кармілі, але нягледзячы на гэта, ён губляў вагу: з 16,3 да 13,7 кг, піша гаспадыня.

У сярэдзіне кастрычніка ў даўно стэрылізаванага сабакі выявілі запаленне куксы маткі, 18 кастрычніка яе выдалілі — гэта быў ужо пяты наркоз. Пры гэтым хірург агучыў, што запаленне куксы не з’яўлялася асноўнай крыніцай інфекцыі, але гісталогія паказала гной менавіта там. Праз два дні ў Рэйны спынілася дыханне, яе рэанімавалі і падключылі да ШВЛ, але з комы яна не выйшла. 21 кастрычніка, калі пачалі адмаўляць унутраныя органы, гаспадары пагадзіліся на эўтаназію. Бакпасеў, які прыйшоў яшчэ праз два дні, таксама не даў адказу на пытанне пра прычыны запалення.

Асобна гаспадыню закранула пытанне лекара, ці не занадта яны з мужам перажываюць наконт сабакі.

«Лекар таксама спытала ў нас, ці не занадта мы перажываем і ці не праяўляем празмерную апеку пра Рэйну. Для нас гэтае пытанне ў той момант аказалася недарэчным», – піша Вольга.

Дакладны дыягназ, паводле слоў Вольгі, так і не быў устаноўлены — або не быў агучаны.

Каментатары адзначалі, што манстэра — атрутная расліна, і ўзроставаму сабаку магло стаць горш з-за яе: па часе падзеі супалі. Манстэра сапраўды ўтрымлівае крышталі аксалату кальцыю, якія раздражняюць рот і глотку і могуць выклікаць ваніты, — але гэтым яе дзеянне звычайна і абмяжоўваецца. Ёсць і іншая версія: эразіўна-язвавы гастрыт — вядомы пабочны эфект несцероідных абязбольвальных, якія часта прызначаюць пасля выдалення зубоў (якія менавіта прэпараты атрымлівала Рэйна, у посце не сказана), а расліны сабакі нярэдка грызуць якраз пры млоснасці, таму не ясна, што стала прычынай, а што наступствам.

З’яўленне неўралагічных сімптомаў — тремару, хісткасці, слабасці — лекары не патлумачылі. І галоўнае пытанне — ці ёсць сувязь паміж выдаленнем зубоў і куксай — таксама засталося без адказу.

Пад постам карыстальнікі адзначалі ветклініку, заклікаючы даць каментарый, але амаль за суткі яна не адрэагавала на публікацыю. У Threads у адрас «САС Энімал Сэрвіс» гучыць нямала крытыкі, але клініка адказвае у асноўным на падзякі.

Калі клініка адрэагуе, матэрыял будзе дапоўнены.