Мінчанка расказала, як у былога ў лік аліментаў спісалі 6000 рублёў дзіцячай дапамогі

У яе Instagram – прыгожая сям’я, любячы бацька і шчаслівыя дзеці. У Threads – гісторыя пра запазычанасць па аліментах, пагашаную з дзіцячай дапамогі. Мінчанка Алена расказвае, як аддзел прымусовага выканання спісаў каля 6000 беларускіх рублёў з банкаўскага ўкладу яе мужа ў лік нявыплаты аліментаў на дваіх дзяцей. На ўкладзе, паводле яе слоў, ляжала дзяржаўная дапамога за нараджэнне другога дзіцяці.

Як сцвярджае Алена, паўтара года таму, калі пра развод не было гаворкі, яна зняла дапамогу са сваёй карткі і аддала мужу. Ён перавёў грошы ў юані і паклаў на безадзыўны ўклад тэрмінам на два гады.

«Я гуляла з дзіцем, а ён паехаў у банк, яму ж прасцей, а я маці, якая корміць грудзьмі. Спачатку карміў абяцанкамі, што верне, а цяпер, калі развод – інакш спявае», – патлумачыла мінчанка. – Пазовы падае і ўсюды апелюе, што ён доўг закрыў. Які малайчына».

Такім чынам, паводле слоў мінчанкі, муж пагасіў запазычанасць па аліментах перад дзецьмі грашыма, якія і так прызначаліся дзецям. Алена лічыць, што нават калі даказаць паходжанне сродкаў не атрымаецца, як мінімум палова сумы ў любым выпадку належыць ёй.

У АПВ ёй параілі падаць новы пазоў, каб праз суд даказаць «дзіцячае» паходжанне гэтых грошай.