Мінчанка купіла чырвоную ікру па 40 рублёў за кіло. Крама прадае яе па 380

Беларуска расказала ў Threads, як хакнула рыбны аддзел, купіўшы чырвоную ікру па цане непатрошанай тушкі гарбушы. Яна загадзя вывучыла, як выглядае самка, і ўзяла чатыры рыбіны ў дзвюх мінскіх крамах адной сеткі. Ікра аказалася ва ўсіх чатырох, у суме набралася 306 грамаў. За дзесяць гадзін пост сабраў 1,5 тысячы лайкаў.

Крыніца фота: threads.com/@aquarium.art

Гарбуша каштавала 39,99 рубля за кілаграм, за дзве рыбіны дзяўчына аддала 68 рублёў. А за тыя ж 39,99 рубля пакупнік у гэтай сетцы забірае толькі 105-грамовы слоічак ікры гарбушы, гэта значыць 380,86 рубля ў пераліку на кілаграм.

Атрымліваецца, ікра дасталася ёй па цане рыбы: 306 грамаў «важылі» на касе каля 12 рублёў, а ў слоічках столькі ж каштавала б прыкладна 116,5 рубля. Эканомія — каля 104 рублёў.

Крыніца фота: threads.com/@aquarium.art

Але схема працуе, толькі калі рыба таксама патрэбная. За 4 рыбіны мінчанка заплаціла прыкладна 136 рублёў. Столькі ж рыбы без ікры каштавала б 124 рублі. 306 грамаў ікры ў слоічку – 116 рублёў. Такім чынам, той жа набор паасобку абышоўся б дзяўчыне ў 240 рублёў. Рыбу мінчанка запякла, ікрой задаволена. Але, калі б дзяўчыну цікавіла толькі ікра, яна б пераплаціла за яе амаль 20 рублёў, не лічачы працы, якую трэба ўкласці ў разборку і засолку.

Частка чытачоў палічыла дарагой саму гарбушу, і аўтару давялося ўдакладніць: купляць рыбу па такой цане яна нікога не заклікае, проста дзеліцца лайфхакам.