Фото: Вера Бурко «Ваяр»
Міністэрства абароны паказала фота заняткаў па агнявой падрыхтоўцы для нядобрасумленных работнікаў сельскай гаспадаркі.
Некаторыя стралялі баявымі патронамі першы раз у жыцці. На занятках удзельнікі збораў прайшлі інструктаж, адпрацавалі навыкі абыходжання са зброяй на вучэбным месцы, а затым прыступілі да выканання практыкавання.
Адзін з удзельнікаў збораў расказаў пра распарадак дня.
«Мы прыехалі сюды не адпачываць, а вучыцца. У параўнанні з працай на ваенных зборах больш занятыя. Усё па распарадку дня: з шасці раніцы на працягу дня займаемся баявой падрыхтоўкай, фізічнымі работамі, час ёсць толькі на сняданак, абед, вячэру. Упэўнены, што пасля вяртання дадому маё жыццё моцна зменіцца», — заявіў ён.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адпраўляць у армію работнікаў сельскай гаспадаркі, якія дрэнна працуюць падчас уборачнай. Па ўсёй краіне сабралі каля 500 чалавек, з якіх сфарміравалі батальённа-тактычныя групы.
Учора Лукашэнка заявіў, што аграрыі перавыхаваліся на ваеннай службе і дазволіў міністру абароны ўзнагародзіць іх.