Міграцыйная служба Швецыі адмяніла рашэнне аб дэпартацыі і дала прытулак беларускай сям’і, якая ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах. Пра выпадак расказалі Народныя амбасады Беларусі.
У ліпені 2025 года сям’я беларусаў сутыкнулася з пагрозай высылкі са Швецыі. Яна звярнулася ў Народную амбасаду Беларусі, дзе дамовілася аб юрыдычнай дапамозе з Сесіліяй Экман, якая ўжо неаднаразова адстойвала інтарэсы беларускіх грамадзян.
У студзені 2026 года юрыстка падала заяву аб наяўнасці перашкод для дэпартацыі, падмацаваную інфармацыяй аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі. У лютым Міграцыйная служба Швецыі пагадзілася паўторна разгледзець справу.
У выніку яна адмяніла першапачатковае рашэнне і дала сям’і статус бежанца. Гэтым разам служба належным чынам улічыла актуальную інфармацыю Еўрапейскага агенцтва па пытаннях прытулку аб становішчы палітычных апанентаў Лукашэнкі.
Сесілія Экман спадзяецца, што такі падыход стане агульным для ўсіх міграцыйных органаў і судоў у Швецыі.
Экман у маі 2026 года была ўзнагароджана медалём за плённую працу на карысць Беларусі ад Аб’яднанага пераходнага кабінета.