Меланія Трамп правяла сустрэчу ў Белым доме з прадстаўнікамі Украіны і Расіі

Першая лэдзі ЗША Меланія Трамп правяла ў Белым доме сустрэчу з прадстаўнікамі Украіны і РФ, прысвечаную спыненню агню ў раёне акупаваных Расіяй Алешак Херсонскай вобласці і эвакуацыі мірных жыхароў.

На сустрэчы прысутнічалі лідар фракцыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай радзе Давід Арахамія, украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі Кірыл Дзмітрыеў і ўпаўнаважаная па правах чалавека ў РФ Яна Лантратава.

У Белым доме назвалі сустрэчу “беспрэцэдэнтнай”, заявіўшы, што яна аб’яднала ключавых службовых асоб абедзвюх краін, якія адыгралі важную ролю ва ўстанаўленні перамір’я ў Алешках.

Меланія Трамп расказала, што выступіла пасярэднікам пры арганізацыі спынення агню ў Алешках і прылеглых раёнах Херсонскай вобласці. Паводле яе слоў, яна даведалася пра гуманітарны крызіс у рэгіёне ў верасні і даручыла свайму прадстаўніку Марку Бекману звязацца з расійскім і ўкраінскім бакамі.

«Мая роля ў якасці эксклюзіўнага пасярэдніка была зафіксаваная ў пісьмовых пагадненнях, складзеных і падпісаных Расіяй і Украінай, — заявіла першая лэдзі. – Я ўдзельнічала на кожным этапе планавання. Я вывучала планы размініравання, аэрафотаздымкі, ацэньвала стан дарог і абмяркоўвала маршруты эвакуацыі, доступ да бальніц, транспартныя сродкі і медыцынскія рэсурсы. Мяне інфармавалі пра пераважныя даты і тэрміны правядзення аперацыі».

Пагадненні бакі падпісалі 23 кастрычніка 2026 года. Першая лэдзі адзначыла, што ў перыяд дзеяння перамір’я ў Алешкі дастаўлялі прадукты харчавання, пітную ваду і медыкаменты, а амаль 800 чалавек змаглі пакінуць небяспечны раён.

Падчас выступлення Меланія Трамп адзначыла ролі Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага у садзейнічанні аперацыі. Паводле яе слоў, дасягнутае пагадненне можа стаць прыкладам супрацоўніцтва ў гуманітарных пытаннях, нягледзячы на вайну, якая працягваецца.

«Цяпер мы павінны выкарыстаць мужнасць, якая прывяла нас у Алешкі, каб знайсці пункты судакранання на аснове агульнай занепакоенасці пакутамі нявінных людзей. Разам мы можам стварыць нешта больш даўгавечнае, чым часовае спыненне агню», – сказала яна.

У завяршэнне сустрэчы Меланія Трамп перадала расійскаму і ўкраінскаму прадстаўнікам лісты для Пуціна і Зяленскага.

Першая лэдзі таксама паказала гасцям два гістарычныя артэфакты з калекцыі Белага дома, якія, на яе думку, з’яўляюцца яркімі сімваламі міру. Першы з іх — аптэчка канца XVIII стагоддзя — быў вывезены з Белага дома пасля таго, як брытанскія войскі падпалілі будынак падчас вайны 1812 года. Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія, якія некалі былі праціўнікамі, у канчатковым выніку ўстанавілі трывалы саюз. Яна таксама прадэманстравала памятны кубак 1899 года, падораны паслу Францыі Жулю Камбону у знак прызнання дыпламатычных намаганняў Францыі па вядзенні мірных перамоў і спыненні іспана-амерыканскай вайны.

Украінскія прадстаўнікі ўручылі Меланіі Трамп узнагароду прэзідэнта Украіны – ордэн княгіні Вольгі першай ступені.

Нагадаем, рэжым спынення агню ў акупаваных Расіяй Алешках дзейнічаў з 27 кастрычніка па 1 лістапада. За гэты час была праведзеная гуманітарная аперацыя. Жыхарам Алешак даставілі гуманітарную дапамогу. Для ахвотных арганізавалі выезд у Расію або ва Украіну праз Беларусь. Украіна і Расія па дамоўленасці не называлі дакладную колькасць эвакуяваных.