Фрагмент твора Марыны Капілавай. Фота: сацсеткі
Мастачка Марына Капілава, якая жыве ў Беларусі, расказала ў сацсетках, што пасля выставы «Альфа» ў мінскім «Доме карцін» знікла яе графіка. Яна пасля высветліла, што графіка знаходзіцца ў прыватным доме куратараў выставы Вольгі Кліп і Дзмітрыя Папова.
«Сёлета споўнілася 10 гадоў з моманту адкрыцця выставы. Прыемная падзея, але ўвогуле нічога асаблівага, калі б графіка з экспазіцыі вярнулася да яе аўтара, да мяне — М. Капілавай, – піша мастачка. – Але графіка знікла. Уся. Як аказалася пасля, куратары выставы Вольга Кліп і Дзмітрый Папоў па незразумелай мне прычыне павезлі яе з Дому карцін у свой загарадны дом. А потым зніклі і самі.
Як у кіно – прайшло 10 гадоў. Выпадкова ў Instagram мне трапілася на вочы Вольга Кліп; яна па-ранейшаму куратар або арт-менеджар, каму як больш падабаецца. Я напісала ёй у агульны чат і адразу ж атрымала адказ і прапанову сысці з публічнай прасторы ў асабістае».
У асабістай прасторы вялася камунікацыя пра вяртанне твораў, але, як стала ясна пазней, размова ішла не пра творы з выставы «Альфа».
Мы звярнуліся да Вольгі Кліп, каб атрымаць тлумачэнні, якая графіка знаходзіцца ў яе дома і як яна трапіла туды пасля выставы?
«Па-першае, мне цікава, як Марына высветліла, што ў мяне дома ёсць яе графіка з выставы ў Доме карцін? – запытвае Вольга Кліп. – А зараз адказ на пытанне. Пасля выставы ў Доме карцін, якая адбылася 9 гадоў назад, усе работы былі пераданы мастачцы. Як графіка, так і скульптуры былі дастаўлены за кошт арганізацыі ў некалькі месц па просьбе мастачкі.
Пасля мастачка працягнула супрацу, і некалькі яе прац былі прадстаўлены ў салоне Дома карцін, а пасля закрыцця галерэі – у салоне “Грай-кафэ”. Там мастачка была не адзін раз, і магла запытацца пра творы, каторыя зараз шукае, але пытанняў не паўставала, бо працы ёй вярнулі.
“Грай-кафэ” таксама праз нейкі час закрылася, і ўсе працы, каторыя мастакі не забралі, мы забралі дамоў, каб іх захаваць. Так некалькі невялікіх прац Капілавай апынуліся ў мяне дома. Я не ў Беларусі, але зараз займаюся арганізацыяй звароту прац. Гэта патрабуе часу і высілку. Спадзяюся зрабіць гэта як хутчэй.
Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што графіку і скульптуру з выставы ў Доме карцін вярнулі мастачцы пасля выставы. У Доме карцін творы перадаваліся па акту прыёму-перадачы».
У каментах задаюць слушныя пытанні: «А чаму нельга было проста ўзяць і не напісаць зварот у міліцыю, калі ўсё гэта праўда». «Цікава, чаму вы не звяртаецеся ў міліцыю – «прашу паспрыяць вяртанню…». Гэта іх прамыя абавязкі, і па вопыце – такія справы часта вырашаюцца пасля званка або запыту з міліцыі. У выпадку нават адмоўнага адказу з міліцыі гэта дае далейшы ход справе ў судзе. Вы ацэньвалі агульны кошт нявернутых работ? Праз суд там і яны, і 10 гадоў утрымання, і маральная кампенсацыя». «Чаму не аформілі дакументы. Чаму чакалі 10 гадоў», – цікавяцца каментатары.
Reform.news будзе назіраць за ходам падзей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram