Малодшы сын Валерыя Сахашчыка прапаў без вестак. Яго шукае расійская танкавая дывізія

Малодшага сына былога прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка абвясцілі зніклым без вестак у Расіі. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», абставіны знікнення 23-гадовага Віктара Сахашчыка могуць указваць на тое, што ён ваяваў на баку Расіі супраць Украіны.

Пра знікненне ўраджэнца Брэста паведаміла Кантэміраўская танкавая дывізія расійскай арміі. Яе кантактны нумар пазначаны для перадачы інфармацыі пра месцазнаходжанне маладога чалавека.

Як адзначае выданне, Віктара абвясцілі зніклым па ініцыятыве расійскага боку, а не беларускіх сілавікоў.

“У цяперашніх рэаліях спалучэнне гэтых фактараў з высокай доляй верагоднасці сведчыць пра тое, што гаворка ідзе пра беларускага найміта, які загінуў на вайне ва Украіне, але яго цела не змаглі дастаць”, – выказваюць версію аўтары.

«Віктар жыў са мной, напэўна, восем апошніх гадоў, але паўтара года таму да яго прыехала маці, з якой мы ў разводзе. Ён ужо жыў асобна на той момант. Яна пабыла з Віктарам тыдзень — і ўгаварыла яго вярнуцца ў Беларусь. Я на гэта паўплываць не мог, ён дарослы чалавек. Кантакт з ім мы пасля гэтага не падтрымлівалі.

Я не магу сказаць дакладна, дзе ён быў апошнім часам, мне ўсё гэта вельмі балюча і цяжка. Мне цяжка паверыць, што ён мог служыць у расійскай арміі. Калі ён быў тут, прытрымліваўся тых жа жыццёвых каштоўнасцей, што і я, і быў гатовы ехаць ваяваць за Украіну», — расказаў рэсурсу Валерый Сахашчык.

Віктар нарадзіўся 26 лютага 2003 года. Ён вучыўся ў Брэсце, а ў 2018-2022 гадах, паводле інфармацыі на яго старонцы ва «ВКонтакте», займаўся ў архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме ў Варшаве. Тэлеграм-акаўнт Віктара Сахашчыка быў падпісаны на каналы па пошуку працы ў Маскве і Пецярбургу.

Раней Валерый Сахашчык расказваў, што малодшы сын служыў у польскай арміі і асвоіў прафесію вадалаза-ратавальніка.

Валерый Сахашчык быў прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы ў 2022-2024 гадах. Ён далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, якое публічна асудзіў, а праз два гады адышоў ад палітыкі.