Маладога спецыяліста паказальна судзілі ў каледжы за няяўку на размеркаванне

У Мінску маладога спецыяліста паказальна судзілі перад навучэнцамі каледжа за няяўку на размеркаванне.

Выязное пасяджэнне суда па грамадзянскай справе па іску аб спагнанні выдаткаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку маладога спецыяліста, прайшло ў Мінскім дзяржаўным каледжы гандлю і камерцыі 21 кастрычніка, паведамляе Мінскі гарадскі суд.

На пасяджэнне запрасілі навучэнцаў выпускнога курса каледжа, якім трэба будзе працаваць па размеркаванні.

Сума, якую спагналі з выпускніка, не называецца.

Пасля суда навучэнцаў каледжа папярэдзілі, што пры адмове добраахвотна кампенсаваць затрачаныя дзяржавай сродкі і пры вырашэнні пытання праз суд малады спецыяліст вымушаны будзе аплаціць яшчэ і судовыя выдаткі. У выпадку прымусовага выканання судовага рашэння таксама давядзецца заплаціць прымусовы збор.

Калі малады спецыяліст адмаўляецца выканаць рашэнне суда, яму могуць абмежаваць выезд з Беларусі, абмежаваць права на кіраванне аўтамабілем, арыштаваць разліковыя рахункі, маёмасць, утрымліваць частку зарплаты.