«Майстар-агенты» і крыптавалюты. Як ідуць плацяжы з Беларусі

Плацяжы з Беларусі пры немагчымасці здзейсніць іх класічным спосабам здзяйсняюцца праз «майстар-агентаў». Пра гэта заявіў намеснік старшыні праўлення Беларуска-Саудаўскага дзелавога савета, дырэктар па развіцці міжнароднага бізнесу ААТ «Парытэтбанк» Аляксей Малафей.

«Выбудаваныя дзве мадэлі: класічныя разлікі ў нацыянальных і альтэрнатыўных валютах (юанях, дырхамах, лірах) і „некласічны“ канал праз сетку плацежных „майстар-агентаў“, уключаных у рэестр Нацбанка Беларусі. Калі ўсе варыянты класічнага банкінгу вычарпаныя, падключаецца альтэрнатыўны — і плацёж гарантавана знаходзіць свайго атрымальніка на працягу двух-трох дзён», — цытуе яго SB.by.

Таксама надзеі ўскладаюць на крыптавалюты.

«Аплата крыптавалютай з пераліку 26 дазволеных Нацбанкам лічбавых знакаў праходзіць за лічаныя хвіліны, прычым бізнес можа выбраць адзін з двух механізмаў працы. Пры прамым разліку токенамі здзелка афармляецца як абмен тавару на іншую маёмасць, для якога сумесна з Мінфінам ужо адпрацаваная метадалогія бухуліку. А ёсць і другі трэк — фіятна-крыптавалютны мост: прадпрыемства плаціць або атрымлівае выручку ў звыклай валюце, а крыптабанк канвертуе яе ў стэйблкоіны і даводзіць грошы да замежнага контрагента», — расказаў саветнік ЗАТ «Уайт Бэнк» Іван Жызнеўскі.