Фото: mogilev.mchs.gov.by
53-гадовая жанчына і яе 35-гадовы сын загінулі пры пажары ў прыватным доме ў Чэрыкаве.
Паведамленне пра ўзгаранне дома на вуліцы Краснапольскай паступіла ратавальнікам ад суседзяў 5 лістапада ў 13:41. Да моманту прыбыцця падраздзяленняў МНС будынак гарэў адкрытым полымем.
Пры ліквідацыі пажару ў адным з пакояў ратавальнікі выявілі целы жанчыны і мужчыны. Пошук загінулых ускладнялі абрушаныя канструкцыі, высокая тэмпература і шчыльнае задымленне, паведамілі ў прэс-службе МНС.
У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджаныя перакрыцці і маёмасць у доме.
Следчыя працуюць на месцы здарэння, апытваюць відавочцаў і фіксуюць сляды пажару. Плануецца прызначэнне экспертных даследаванняў.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання магло стаць парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення або неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, паведамілі ў Следчым камітэце. Абставіны трагедыі высвятляюцца.