Лукашэнку не падабаецца, што Малдова выходзіць з СНД

Аляксандр Лукашэнка на саміце СНД у Туркменістане вырашыў выказаць незадаволенасць выхадам Малдовы з Садружнасці. На яго думку, гэта недальнабачнае рашэнне.

“Гэта, вядома ж, не выбар простых малдаван, а рашэнне кіраўніцтва. Мяркую, недальнабачнае. Прычым яно само гэта разумее і спрабуе захаваць удзел у Дагаворы аб зоне свабоднага гандлю”, – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Трэба адзначыць, што выхад Малдовы з СНД адбываецца адначасова з адкрыццём перамоў аб уступленні краіны ў Еўрасаюз.

“Я ў гэтай сувязі хацеў бы заклікаць кіраўніцтва Малдовы захаваць магчымасць для простых грамадзян Малдовы не разрываць каналы ўзаемадзеяння хаця б на першапачатковым этапе.

Гісторыя заўсёды паўтараецца. У нас ужо ёсць досвед выхаду Грузіі з СНД. Але сёння мы бачым, як змяняецца сітуацыя. Відавочна, што вяртацца да нармальных адносін лягчэй па накатанай каляіне механізмаў Садружнасці. Ды і запускаць больш сур’ёзныя фарматы паглыблення супрацоўніцтва прасцей, калі маеш базіс нашай Садружнасці”, – дадаў Лукашэнка.

Трэба адзначыць, што СНД з моманту свайго стварэння пасля распаду СССР ужо пазбавілася трох членаў: Грузіі, Малдовы і Украіны. Пры гэтым у выпадках Грузіі і Украіны рашэнні аб выхадзе з Садружнасці былі звязаны з агрэсіяй РФ супраць гэтых краін.

Нягледзячы на скарачэнне колькасці членаў Садружнасці, Лукашэнка ўсё яшчэ бачыць патэнцыял у аб’яднанні.

“Азіраючыся ў мінулае, успамінаеш, у якіх складаных умовах стваралася наша Садружнасць. Пасля развалу Савецкага Саюза знешнія сілы, не хаваючыся, імкнуліся маніпуляваць маладымі дзяржавамі. На жаль, падобная палітыка працягваецца і цяпер. Нашу арганізацыю ўсяляк шальмавалі, называючы “геапалітычным фантомам” і “міфам”. Ёй прарочылі ледзь не пару месяцаў жыцця, нават у думках не дапускаючы магчымасці інтэграцыі нашых рэспублік. У гэтым месцы хацелася б сказаць, што апаненты стратэгічна пралічыліся. Рэальнасць насамрэч складанейшая”, – сказаў ён.

Ён адзначыў, што цяпер ідзе фарміраванне шматпалярнага свету за кошт БРІКС, ШАС, Афрыканскага саюза і іншых аб’яднанняў так званай глабальнай большасці. У гэтым кантэксце ў СНД ёсць перавага.

“Фундамент Садружнасці яшчэ больш трывалы. Нас аб’ядноўвае не толькі імкненне стварыць справядлівую сістэму глабальнага кіравання і гандляваць на роўных умовах. Наша адзінства абапіраецца на агульную гісторыю, культурную спадчыну, чалавечыя сувязі”, – сказаў ён.