Лукашэнка зноў сказаў, што вайна РФ і Украіны скончыцца ў найбліжэйшыя месяцы

Аляксандр Лукашэнка чакае, што расійска-ўкраінская вайна скончыцца ў найбліжэйшыя месяцы. З такой заявай ён выступіў на Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. У чэрвені ён ужо казаў, што вайна можа спыніцца сёлета.

“Вайна ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончана. Гэта маё асабістае меркаванне”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, галоўны аргумент на карысць такога зыходу – стомленасць усіх бакоў ад вайны.

“Усё. Сіл няма і рэсурсаў няма. Стаміліся ўсе. Калі я кажу пра рэсурсы, гэта не значыць, што не хапае нейкіх рэсурсаў. У Расіі, дай бог, на ўвесь свет хопіць. Я не пра гэтыя рэсурсы. Рэсурсаў няма ў галовах, ужо ўсе стаміліся ад гэтай вайны і пачалі нарэшце разумець нават у Еўропе, ад каго эскалацыя ў асноўным адбывалася і якая разарвала яшчэ ў 2022 годзе ці ў якім там 2024 годзе – некалькі было спроб спыніцца. Гэтыя ж еўрапейскія вядучыя лідары – яны разбурылі гэты мір.

Гэта было на нашай зямлі. Я быў у гэта ўцягнуты, маю права пра гэта сказаць. Але нават у іх усе вы бачыце, што адбываецца ў Еўропе.

Гэта не таму, што там нейкая палітычная барацьба разгортваецца. Проста палітыкі выкарыстоўваюць сітуацыю ў сваіх мэтах, як гэта звычайна бывае. Як я ўжо сказаў, у 2022 годзе гэта супрацьстаянне магло скончыцца на працягу некалькіх тыдняў, нават дзён. Беларусь прыклала да гэтага нямала намаганняў, але заходнія сябры (у двукоссі, вядома) Кіева, запатрабавалі ваяваць да апошняга ўкраінца, напампаваўшы нашу паўднёвую суседку зброяй. Мы гэта бачылі, каля нашых межаў ішлі гэтыя патокі. Рэальны шанец дасягнуць міру і выратаваць многія тысячы жыццяў быў страчаны”, – сказаў ён.

Лукашэнка лічыць, што Беларусь робіць усё, каб “мінімізаваць жахі вайны”, у прыватнасці гаворка ідзе пра абмен ваеннапалоннымі.

“Беларусь ніколі не напрошвалася ў пасярэднікі. Але сёння робіць усё магчымае, каб мінімізаваць жахі гэтай вайны. Мы праводзім абмен ваеннапалоннымі, перадачу цел загінулых, рэпатрыяцыю грамадзянскага насельніцтва ў абодва бакі, працягваем прымаць у сябе ўкраінцаў, якія ўцякаюць ад вайны. З пачатку ваенных дзеянняў да нас прыбыло амаль паўмільёна грамадзян Украіны, якія тут аселі”, – сказаў ён.

Трэба адзначыць, што пры гэтым шматлікія расследаванні паказваюць, як беларускія прамысловыя прадпрыемствы пастаўляюць прадукцыю і абсталяванне для патрэб расійскага АПК. У Беларусі таксама вырабляецца і прадукцыя ваеннага прызначэння, якая ў далейшым адпраўляецца ў Расію. Украінскі бок не раз адзначаў, што на тэрыторыі Беларусі працуюць рэтранслятары, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння сувязі з беспілотнікамі, што атакуюць цэлі ва ўкраінскіх гарадах.