Лукашэнка зноў нагадаў інвестарам не блытаць палітыку з эканомікай

Аляксандр Лукашэнка зноў нагадаў бізнесу, што ў Беларусі не варта блытаць палітыку з эканомікай. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з судзейскім корпусам.

“Важна памятаць, што ў сучасных умовах асаблівае значэнне мае прававая абароненасць беларускіх суб’ектаў гаспадарання і дзяржавы ад наступстваў рознага кшталту бандыцкіх санкцый. Інвестыцыйная прывабнасць – адзін з найважнейшых прыярытэтаў развіцця любой краіны. Інвестары могуць разлічваць на надзейную судовую абарону сваіх інтарэсаў у Беларусі. Але пры адной умове: калі працуюць сумленна і не блытаюць эканоміку з палітыкай”, – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што сённяшняя сустрэча – першая пасля рэформаў у судзейскім корпусе. У прыватнасці, гаворка ідзе пра прызначэнне шэрагу суддзяў праз Усебеларускі народны сход, што, на яго думку, павышае іх адказнасць. Ён таксама выказаўся пра разгляд спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці.

“Як прэзідэнт акцэнтую вашу ўвагу на прадпрыемствах, якія трапілі ў цяжкую эканамічную сітуацыю. Судовае рашэнне не павінна іх дабіваць. Лёсы працоўных калектываў, людзей, іх сем’яў – таксама ваша адказнасць. І я вельмі прашу вас мець тут найцяснейшы кантакт і нават запускаць часцей за ўсё наперад выканаўчыя органы ўлады на месцах, каб вы разам з імі адказвалі за працу рэальнага сектара эканомікі. Мы ўсе прама ці ўскосна за яе адказваем”, – сказаў ён.