Фото: пресс-служба Лукашенко.
Паводле традыцыі, якая склалася за апошнія гады, Аляксандр Лукашэнка своеасабліва афармляе віншаванні з нацыянальнымі святамі ў адрас тых краін, якія ў Мінску палічылі недружалюбнымі. У такіх выпадках віншаванне звернутае да народа краіны, а кіраўнікі ігнаруюцца. Сёння ў іх лік трапіла і Арменія.
Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што ён «ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Арменіі з нацыянальным святам — Днём Незалежнасці».
«Гэта знамянальная падзея — 35-годдзе набыцця суверэнітэту — сімвалізуе імкненне армян да свабоднага і самастойнага развіцця, захавання сваёй найбагацейшай культуры», — гаворыцца ў віншаванні.
Беларускі кіраўнік адзначыў, што «сёння, калі свет сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі, асабліва каштоўнымі становяцца правераныя часам дружалюбныя сувязі».
«Мінск і Ерэван аб’ядноўваюць не толькі агульныя старонкі гісторыі, але і шчырая сімпатыя паміж людзьмі, якая з’яўляецца трывалым падмуркам для адкрытага і канструктыўнага партнёрства», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў народу Арменіі стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. «Няхай у кожным доме пануюць згода і радасць», — дадаў ён.
У віншаванні ні прэзідэнт, ні прэм’ер-міністр Арменіі не згадваюцца.
***
Нагадаем, Арменія адклікала свайго пасла Разміка Хумарана для кансультацый у чэрвені 2024 года пасля выказванняў Лукашэнкі пра 44-дзённую вайну паміж Арменіяй і Азербайджанам. Звяртаючыся да прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, ён узгадаў іх размовы, якія адбыліся да пачатку баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху восенню 2020 года.
«Я яшчэ падумаў, узгадаў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы філасофскі разважалі за абедам удваіх. Тады мы прыйшлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу», — казаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што Мінск гатовы дапамагчы Азербайджану ў аднаўленні тэрыторый, якія перайшлі пад кантроль Баку.
У Ерэване яго словы расцанілі як пацвярджэнне таго, што кіраўнік Беларусі загадзя ведаў пра намеры Азербайджана пачаць ваенную аперацыю і падтрымліваў гэтыя планы. Рубінян у сваім цяперашнім выступленні сфармуляваў абвінавачанне яшчэ больш жорстка, заявіўшы, што Беларусь і Азербайджан «разам планавалі» вайну.
Арменія выклікала пасла ў Ерэван для кансультацый 13 чэрвеня 2024 года. У той жа дзень прэм’ер-міністр Нікол Пашынян абвясціў, што не паедзе ў Беларусь, пакуль краінай кіруе Лукашэнка.
«Заяўляю, што з гэтага часу я больш ніколі не паеду ў Беларусь, пакуль прэзідэнтам там з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. І ў цэлым ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не наведае Беларусь», — сказаў Пашынян у парламенце.
Ён звязваў гэтую пазіцыю не толькі з выказваннямі Лукашэнкі, але і з прэтэнзіямі Ерэвана да Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Пашынян абвінавачваў дзяржавы — удзельніцы АДКБ у тым, што саюзнікі Арменіі не выканалі абавязацельствы па забеспячэнні яе бяспекі і фактычна падтрымлівалі Азербайджан.
У адказ Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікала для кансультацый свайго пасла ў Арменіі. У Мінску заявы Пашыняна назвалі спробай адцягнуць увагу ад унутрыпалітычных праблем і падкрэслілі, што Беларусь не мае намеру пагаршаць адносіны з армянскім народам.