Лукашэнка ўзнагародзіў «Планар» і «Інтэграл» ордэнам Працоўнай Славы

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі і Падзякай прэзідэнта 39 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, а таксама двух прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра ААТ «Планар» і ААТ «Інтэграл» – кіруючую кампанію холдынга «Інтэграл», якія знаходзяцца ў санкцыйных спісах і былі ўдастоены ордэна Працоўнай Славы.

Як заявілі у прэс-службе Лукашэнкі, узнагароды прысуджаны за шматгадовую плённую працу, прафесіяналізм, высокія вытворчыя паказчыкі і вынікі службовай дзейнасці. Сярод падстаў таксама ўказаны ўклад у забеспячэнне грамадскай бяспекі, ліквідацыю надзвычайных сітуацый, развіццё ваенна-прамысловага і аграпрамысловага комплексаў, нафтавай прамысловасці, мікраэлектронікі і транспарту, а таксама дасягненні ў навуцы, ахове здароўя, адукацыі, культуры і спорце.

Ордэн Пашаны атрымаў намеснік старшыні па вытворчасці СВК імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна Генадзь Эйсмант.

Медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» ўзнагароджаны супрацоўнікі мытных органаў Яўген Барадзін, Яўген Галянькоў і Таццяна Цвыркоўская.

Чатыры супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў па НС атрымалі медалі «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый» – Уладзімір Бурчык, Дзмітрый Кавалеўскі, Аляксандр Кісель і Яўген Юнцэвіч.

Медалямі «За працоўныя заслугі» адзначана група работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку начальнік цэха па здабычы нафты і газу №2 «Рэчыцанафты» Эдуард Бусел, дацэнт Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Надзея Зянькова і трактарыст-машыніст ААТ «Ханевічы» Свіслацкага раёна Іван Шаболік.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны прафесар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Марыя Бабіна і загадчыца Мірскага сельскага Дома культуры Ларыса Давят.

Ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі прысвоена намесніку дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Сяргею Краснаму. Наталля Пятрова з філіяла «Інстытут геалогіі» РУП «НПЦ па геалогіі» атрымала званне заслужанага геолага.

Трэнеру-выкладчыку па боксе Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Аляксею Волчану прысвоена званне заслужанага трэнера.

Звання заслужанага работніка прамысловасці ўдастоены намеснік гендырэктара ААТ «Пеленг» Сяргей Літвякоў і галоўны тэхнолаг ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка» Людміла Марчук.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!