Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка збіраецца «страсянуць» сацыяльную сферу ў найбліжэйшы час. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця 9 лістапада.
«Я хачу, каб старшыні райвыканкамаў падрыхтаваліся да таго, што ў найбліжэйшы час мы страсянём сацыяльную сферу. У нас столькі гэтага дабра створана… Дапусцім, спорт: колькі вы Пінчукоў і Марозавых – хакеістаў – на гэтай пляцоўцы выгадавалі? Колькі вы таленавітых хакеістаў перадалі ў свой хакейны клуб у Магілёве, які гуляе ў чэмпіянаце Беларусі? Колькі вы адсюль выдалі на-гара? Колькі мы наверх паднялі, губернатар сказаць не можа. Упэўнены, і старшыня райвыканкама не скажа», — заявіў Лукашэнка. Ён дадаў, што каток павінен працаваць «дзень і ноч».
Лукашэнка таксама спыніўся на пытанні функцыянавання тэатраў і новай схеме фінансавання 50 на 50, калі дзяржтэатры атрымліваюць з бюджэту толькі 50% сродкаў на выдаткі.
«Прадавайце білеты і зарабляйце грошы. — “Мы не вытрымаем, людзі не хочуць купляць білеты”. Дык навошта вы тады патрэбныя, калі людзі да вас не ідуць?» — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.