Лукашэнка збіраецца праверыць асваенне расійскіх крэдытаў

Аляксандр Лукашэнка збіраецца наведаць прадпрыемствы, дзе рэалізуюцца праекты за расійскія крэдытныя сродкі. Пра гэта расказаў беларускаму тэлебачанню кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты.

“Нашы прамысловыя флагманы рэалізуюць шэраг праектаў, звязаных у тым ліку з выкарыстаннем інтэграцыйных грошай па крэдытных рэсурсах, якія выдзяляюцца Расійскай Федэрацыяй. Гэта вытворчасць прадуктаў для нашага саюзнага рынку. Запрашаюць прэзідэнта наведаць шэраг вытворчасцей, звязаных з гэтай лінейкай”, – сказаў ён.

Трэба адзначыць, што апошнім часам Лукашэнка прымаў у сябе ў палацы расійскіх чыноўнікаў, у кампетэнцыю якіх уваходзіць у тым ліку рэалізацыя гэтых праектаў. У прыватнасці, у Мінск прыязджаў расійскі віцэ-прэм’ер Дзяніс Мантураў, які курыруе працу прамысловасці. Падчас візіту ён быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Сёння ў Лукашэнкі быў кіраўнік расійскага “Банка ПСБ” Пётр Фрадкоў. Гэты банк удзельнічае ў фінансаванні інтэграцыйных праектаў.

Таксама плануецца мерапрыемства з удзелам Акадэміі навук.

“Яшчэ, напэўна, адзін блок, пра які трэба сказаць, і таксама ў найбліжэйшы час такое мерапрыемства адбудзецца – гэта даручэнні нашым навукоўцам Акадэміі навук. Яны таксама пакажуць свае пэўныя распрацоўкі і тыя задачы, якія ў мінулым годзе ставіліся перад імі, я думаю, яны нашаму лідару таксама даложаць”, – сказаў Круты.