Лукашэнка запатрабаваў узмацняць нарыхтоўку лесу

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць нарыхтоўку лесу ў краіне. Пра гэта ён заявіў 25 верасня падчас рабочай паездкі ў Лагойскі раён Мінскай вобласці, дзе наведаў прадпрыемства «Амкадор-лесмаш».

Ён адзначыў важнасць вытворчасці сучаснай лесанарыхтоўчай тэхнікі і заявіў, што без яе працаваць у лесе ў сучасных умовах немагчыма.

«Ужо сякерай або пілой „Дружба-2“ ніхто не працуе. І не трэба. Таму без вашых харвестараў, форвардараў нічога мы там зрабіць не зможам», — прыводзіць яго словы прэс-служба.

Паводле яго слоў, трэба не толькі забяспечваць патрэбы ўнутранага рынку, але і пастаўляць гэтую прадукцыю на экспарт, напрыклад, у Расію.

«Трэба працаваць на экспарт. І нам ёсць куды рухацца. Трэба дапамагаць расіянам у лесе», — сказаў ён.

«Трэба спяшацца, трэба рабіць хутчэй. Ні ў якім разе не расслабляцца. Таму што вы хутчэй зоймеце рынкі, якія вызваляюцца. А ў Беларусі трэба адназначна ўзмацняць нарыхтоўку лесу», — запатрабаваў Лукашэнка. — «Трэба рабіць хутка і працаваць столькі, колькі трэба».