Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад аграпрамысловым комплексам Беларусі задачу павялічыць экспарт прадукцыі да 20 млрд долараў. Пра гэта ён заявіў 7 лістапада падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Говяды-агро» ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Тэрміны дасягнення гэтага паказчыка ён не ўдакладніў.
«Галоўнае – гэта вынік. Вынік ёсць, таму канцэптуальна, філасофскі мы павінны ўскочыць на новую прыступку. Не 10 мільярдаў долараў экспарт, а 20 трэба – да гэтага ісці», – заявіў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што сусветны попыт на харчаванне працягвае расці, і Беларусь павінна выкарыстоўваць гэтую сітуацыю для павелічэння экспарту.
«Таму што цэны растуць, растуць на харчаванне, і людзі галадаюць. Ну, бяда, а для нас магчымасць. Вось і ўся філасофія, чаму я надаю столькі ўвагі сельскай гаспадарцы», – сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сельская гаспадарка патрабуе значных выдаткаў, у тым ліку на транспарціроўку кармоў, прадукцыі і ўгнаенняў. Пры гэтым колькасць сельскага насельніцтва скарачаецца, паколькі людзі з’язджаюць у гарады.
“Таму было прапанавана будаўніцтва аграгарадкоў. Чаму я настойваю на тым, каб былі аграгарадкі? Гэта перспектыва развіцця. Працоўныя людзі – яны хочуць жыць, каб быў інтэрнэт, картка ў кожнага і гэтак далей. Там усё павінна быць. І крамы, і цяпло – нармальныя ўмовы жыцця. Вось для гэтага патрэбныя аграгарадкі. Але ў нас сацыяльная сфера, мы кінуліся на гэтыя гарадкі, на дадзены момант абганяе вытворчасць. Што трэба рабіць? Таму кажу, патрэбныя спецыялісты, каб патрабавалі ад сваіх падначаленых эфектыўнай працы. Не таму, што я дыктую дыктатар. Ды мяне ж прымушае тэхналогія працаваць. Нармальная тэхналогія, тады будзе рэнтабельнасць. Вось уся філасофія ў сельскай гаспадарцы”, – заявіў ён.
Ён запатрабаваў ад кіраўнікоў гаспадарак дамагацца эфектыўнай працы супрацоўнікаў і выканання тэхналагічных патрабаванняў.
Падчас наведвання «Говяды-агро» таксама абмяркоўвалася фінансавае становішча прадпрыемства, выдаткі якога пакуль перавышаюць даходы. Для аздараўлення гаспадаркі распрацаваны план мерапрыемстваў, рэалізацыя якога, паводле слоў Лукашэнкі, патрабуе строгай вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны.
Ён папярэдзіў кіраўніцтва прадпрыемства, што ў выпадку праблем з дысцыплінай аграрыяў могуць адправіць на будаўніцтва ўмацаваных раёнаў.
«У мяне шэсць умацаваных раёнаў трэба рыць, капаць зімой, гэтым кайлом. Мароз, не мароз – давядзецца. Там ужо нікуды не ўцячэш. Усё пад кантролем афіцэраў. Вы пойдзеце туды», – прыгразіў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што парадак, які быў наведзены да яго прыезду, павінен падтрымлівацца штодня.
«Гэта маё найжорсткае патрабаванне. Не будзе, як Круты кажа, – галовы паляцяць адразу», – прыгразіў Лукашэнка.
Ён заявіў пра магчымасць прыватызацыі сельгаспрадпрыемстваў, калі знойдуцца ўласнікі, гатовыя ўзяць на сябе іх развіццё.
«Не хочуць працаваць – добра, прыйшоў нейкі уласнік: ведаеце, я вазьму вось гэтыя землі і гэты комплекс. Ну, давай будзем дамаўляцца. Цяпер жа ў Віцебскай вобласці, ды і ў Магілёўскай, напэўна, мы ж многім прапануем гэтыя варыянты. Заплаці за жывёлу, за трактары, там, ну, капейкі нейкія, ідзі працуй. Значыць, будзем прыватызаваць. Гэта таксама адзін з варыянтаў», – сказаў ён.