Лукашэнка запатрабаваў не фарсіраваць заробкі ў Мінску

Узровень заробкаў у Мінску нельга фарсіраваць, інакш інфляцыя затопіць усю краіну. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава. Таксама ён абурыўся велізарнай колькасцю аўтамабіляў у беларускай сталіцы, на яго думку, стаянкі для машын трэба прыбраць ад дамоў “куды далей”.

Кухараў адчытаўся перад Лукашэнкам аб эканамічным развіцці сталіцы. Ён далажыў, што валавы рэгіянальны прадукт вырас на 2,2%, а доля Мінска ў ВУП краіны склала 32%. Сярэдні заробак у цэлым за паўгоддзе склаў у сталіцы 3878 рублёў. Кухараў запэўніў, што будзе рабіцца ўсё, каб утрымаць паказчык.

“Уладзімір Яўгенавіч, утрымліваць трэба гэты ўзровень, але не фарсіраваць. Таму што заробак, велізарныя грошы рана ці позна прывядуць да інфляцыі. А інфляцыя ў Мінску – гэта па ўсёй краіне разыдзецца, мы будзем гэтыя грошы “з’ядаць” ростам цэн”, – сказаў ён.

“Не павінна атрымацца так, што заробак, даходы насельніцтва неверагодна растуць, а вытворчасць падае. Дзякуй богу, ні ў Мінску, ні па рэспубліцы гэтага няма. Але за гэтым трэба назіраць – каб прадукцыйнасць працы была высокай. І абавязкова дадаваць за кошт прадпрыемстваў, якія слаба працуюць”, – сказаў ён.

Трэба адзначыць, што ўжо некалькі гадоў у Беларусі не дзейнічае пастанова ўрада, якая абавязвала кіраўніцтва дзяржпрадпрыемстваў забяспечваць апераджальны рост прадукцыйнасці працы ў параўнанні з заробкамі. Для параўнання, сярэдні заробак па краіне ў ліпені вырас у рэальным выражэнні на 9,1%, у той час як ВУП – толькі на 2,1%.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу Кухарава на тое, дзе і як мінчане пакідаюць свае аўтамабілі. Ён прапанаваў яму разабрацца з “акіянам” машын у Мінску і адправіць іх куды далей.

“Стаіць дом, перад ім сквер да праезнай часткі – добра, прыгожа. Але гэта рэдкасць. А ў іншых выпадках – гэта акіян аўтамабіляў. Брудныя недзе, замызганыя. Ну не вельмі прыгожа, калі будынак патанае ў чарадзе гэтых аўтамабіляў. Нам трэба думаць, што нам рабіць. Нікуды не дзенемся ад аўтамабіляў. Але трэба думаць, што нам рабіць з гэтымі стаянкамі. Перад домам, каля дома ўсё ж людзі павінны дыхаць чыстай прыродай – дрэвы, кусты, кветкі, клумбы і гэтак далей”, – сказаў ён.

Лукашэнка лічыць, што ад машын трэба пазбавіцца.

“Паступова, не заўтра, не забаронамі. А прыбраць гэтыя стаянкі куды-небудзь далей. Каб людзі маглі, асабліва дзеткі, выйсці, старыя – пасядзець на лавачцы. Таму добраўпарадкаванне – пытанне для Мінска вельмі важнае”, – дадаў ён.

Лукашэнка таксама пацікавіўся сітуацыяй у прамысловасці і іншых галінах эканомікі.

«Галоўнае ў Мінску – гэта прамысловасць. Якая сітуацыя ў прамысловасці Мінска і якія прадпрыемствы больш за ўсё недапрацоўваюць, праблемныя прадпрыемствы, з якімі трэба больш за ўсё працаваць?» – спытаў ён.

Падымаліся пытанні будаўніцтва і развіцця тэхнапаркаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!