Лукашэнка заклікаў суддзяў не адгароджвацца ад народа законам

Суддзі павінны кіравацца справядлівасцю і не адгароджвацца ад народа «сцяной закона», заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з судзейскім корпусам 20 лістапада, паведамляе яго прэс-служба.

«Я разумею, што незалежнасць суддзяў — гэта канстанта. Пры гэтым вы цалкам залежныя ад закона, абапіраецеся на яго і яму падпарадкоўваецеся. Ці могуць суддзі адгарадзіцца ад народа сцяной закона, прытрымліваючыся логікі крылатай лацінскай фразы “няхай загіне свет, але пераможа правасуддзе”? Не, гэта не наш шлях, гэта не пра наш менталітэт», — лічыць Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў сваёй працы суддзі павінны ўлічваць запыт у грамадстве на справядлівасць і сацыяльную абароненасць.

«Калі свет будзе развівацца паводле законаў справядлівасці, думаю, ён ніколі не загіне. Суддзі як агульных, так і Канстытуцыйнага судоў, як ніхто іншы, павінны разумець сваю ролю ў гэтым кантэксце. Асабліва сёння, калі настолькі вялікі запыт на справядлівасць, сацыяльную абароненасць і бяспеку. Паглядзіце, што адбываецца навокал. Але нашы рэформы, якія закранаюць прававую сферу, адпавядаюць задачам, якія ставіць час», — заявіў ён.

Лукашэнка заклікаў суддзяў надаваць увагу практыцы правапрымянення і рэагаваць на няўзгодненасці ў заканадаўстве.

«Трэба асаблівую ўвагу надаваць практыцы правапрымянення. Вы на перадавой у гэтай працы, менавіта вы бачыце рэальныя прабелы, калізіі і няўзгодненасці ў прававых актах. І калі лічыце, што заканадаўства ў нечым несправядлівае, супярэчлівае або не адпавядае рэаліям, — ваш прамы абавязак узняць пытанне аб яго змяненні.

Можа, вы не ўсведамляеце да канца, але менавіта вы сур’ёзна ўплываеце не толькі на ўсе элементы прававой сістэмы (пракурораў, следчых, адвакатаў, юрыстаў-практыкаў), але і на органы выканаўчай улады», — заявіў ён.