Скриншот видео
Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што Беларусь не аказвае лагістычнай падтрымкі расійскай арміі, займаючы “выключна міралюбівую пазіцыю” — падтрымлівае кантакты з Украінай і ўдзельнічае ў абмене ваеннапалоннымі і целамі загінулых. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю карэспандэнтцы французскага часопіса Le Point Ан Ніве.
«Вы ведаеце, у нас лагістычна ніякай падтрымкі няма праз нас. Праз нас Расія не вядзе ваенных дзеянняў. Не вядзе. А Украіна спрабуе. Усе дыверсійныя акты, якія яна спрабуе здзейсніць, так ці інакш ідуць праз Беларусь», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, беларускія сілавікі супрацьдзейнічаюць пранікненню на тэрыторыю краіны дыверсантаў як з Украіны, так і з Расіі.
“Калі на нашай тэрыторыі з’яўляюцца чужыя людзі — няхай то з Расіі з мэтай дыверсіі ці з Украіны — мы спрабуем з імі змагацца. Мы спрабуем з імі змагацца. Я не скажу, што мы тут ужо, ведаеце, Бога за бараду ўзялі, але мы спрабуем гэта зрабіць. Таму ніякай лагістыкі тут няма, калі вы дакладна выказаліся”, — сцвярджае палітык.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь забяспечвае правядзенне абменаў палоннымі і целамі загінулых паміж Расіяй і Украінай, і выказаў незадаволенасць тым, што расійскі бок дзякуе за садзейнічанне ў абменах Аб’яднаным Арабскім Эміратам.
“Больш за тое, мы займаем выключна міралюбівую пазіцыю. Я нават расіянам, якія займаюцца гэтым, папракнуў іх у тым, што яны часта заяўляюць, вы гэта чулі — што дзякуй Аб’яднаным Арабскім Эміратам за тое, што дапамаглі абмяняць там палонных і іншых. Эміраты да гэтага не маюць ніякага дачынення. Усё робяць беларусы.
І ўкраінцы — украінцы, і той жа Зяленскі — настойвае на тым, што вось тут, вось тут вось, вось Кіеў тут, тут адбываліся гэтыя абмены. Мы ўзялі на сябе гэтую ношу. Гэта няпроста — у мяшках целы ўкраінцаў ад нас ва Украіну, а расіян ад іх да нас, а потым у Маскву адпраўляць. Гэта няпроста. Гэта робяць толькі нашы людзі. Ні адна нага расіяніна на тэрыторыю Украіны не ступае. Такое патрабаванне ўкраінцаў. Палонных абменьваем”, — заявіў ён.
Лукашэнка таксама нагадаў пра гуманітарную аперацыю па эвакуацыі жыхароў акупаваных Расіяй Алешак Херсонскай вобласці, праведзеную з ініцыятывы жонкі прэзідэнта ЗША Меланіі Трамп.
“Усё гэта было на тэрыторыі Беларусі. І ўкраінцы жорстка паставілі пытанне: “Мы прымем людзей, якія хочуць ва Украіну выехаць, каля 300 чалавек толькі з тэрыторыі Беларусі”. Таму вы не думайце, што мы вось у клінч увайшлі з украінцамі і б’ёмся з імі.
Не, мы маем кантакты з імі. Пра гэта расіяне ведаюць. І расіяне маюць праз пэўных людзей кантакты з кіраўніцтвам Украіны. Мы ўсё робім для таго, каб тут быў мір. І не трэба нас прышпільваць да таго, што мы вось агрэсары і гэтак далей і да таго падобнае”, — папрасіў ён.