Лукашэнка заявіў, што адносіны Беларусі і ЕС датычацца ЗША

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра наяўнасць зрухаў у перагаворным працэсе з ЗША. Ён заслухаў даклад аб выніках працы. Паводле яго слоў, адносіны Беларусі і Еўрасаюза таксама ўваходзяць у лік тэм нарады, бо датычацца і ЗША.

На мерапрыемства былі запрошаны прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, генпракурор Дзмітрый Гара, старшыня КДБ Іван Тэртэль, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў, упершыню таксама прысутнічаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

“Павінен сказаць, што адміністрацыі ЗША сёння няпроста, працы хапае. Але я вельмі цаню, што Дональд Трамп і яго людзі надаюць увагу нашым кантактам. Ёсць зрухі па многіх пытаннях.

Нягледзячы на тое, што выпінаюцца асобныя праблемы, як яны кажуць, з абменам палітвязняў на адмену санкцый і гэтак далей. Хоць шмат і іншых пытанняў, звязаных з пасольствамі і гэтак далей, сёння ў нас на стале. У тым ліку і ўзаемаадносіны Беларусі з Еўрапейскім саюзам, што датычыцца ў тым ліку і Злучаных Штатаў Амерыкі”, – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

«Крыху больш за месяц таму падчас апошніх перамоў з амерыканскай дэлегацыяй мы дамовіліся, што сустрэнемся і абмяркуем беларуска-амерыканскія адносіны, стан іх на сёння і нашы дзеянні на перспектыву”, – працягнуў ён

Лукашэнка сказаў, што кантраляваць працэс было даручана Валянціну Рыбакову.

“Мы яго выкарыстоўвалі як свайго прадстаўніка ў канкрэтных справах і рэчах у ЗША. Для вядзення перамоў і, галоўнае, рэалізацыі нашых дамоўленасцяў. Месяц таму мы дамовіліся, што ён прыбудзе ў Беларусь і даложыць нам аб рэалізацыі нашых дамоўленасцяў”, – патлумачыў ён.

“Мы са свайго боку свята выконваем тое, што абяцалі амерыканцам. Тады было сказана дэлегацыі, што вельмі хацелася б, каб і амерыканцы ў гэтым дачыненні на 100% выконвалі дамоўленасці. І дамовіліся, што месяц для таго, каб мы падцягнуліся дзесьці, амерыканцы, як у народзе кажуць, хвасты абсеклі і выйшлі на пляцоўку далейшых дзеянняў. Вось Рыбакоў і даложыць нам аб гэтай сітуацыі, аб тым, што адбываецца сёння і што нам трэба яшчэ зрабіць”, – сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, у верасні Мінск наведваў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл. Тады былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 25 палітвязняў. ЗША знялі санкцыі з “Беллесбумпрама” і “Лакафарбы”. Тады ж Лукашэнка вылучаў патрабаванне вярнуць больш за 40 млн долараў, якія з-за санкцый былі заблакаваныя ў “Сіцібанку”. Коўл абяцаў вырашыць гэтае пытанне. Трэба адзначыць, што ўчора ЗША таксама выключылі з санкцыйных спісаў гендырэктара “Беларуськалія” Андрэя Рыбакова. Санкцыі ў дачыненні да самога калійнага гіганта былі знятыя яшчэ вясной.