Лукашэнка выправіўся ў турнэ па краінах Персідскага заліва і Паўднёва-Усходняй Азіі

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з візітам у дзяржавы Персідскага заліва і Паўднёва-Усходняй Азіі, паведамляе яго прэс-служба.

Камандзіроўка пачалася з візіту ў Аман. У аэрапорце Маската яго сустрэў прэзідэнт Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдэльсалам Махамед аль-Муршыдзі. Паведамляецца, што падчас візіту плануецца абмеркаваць выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых па выніках папярэдніх сустрэч Лукашэнкі з султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам, у тым ліку ў рамках леташніх узаемных візітаў.

Адзначаецца, што Беларусь і Аман рэалізуюць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва на 2026–2027 гады. На стадыі рэалізацыі знаходзіцца праект па стварэнні ў Амане вытворчага і рээкспартнага хаба беларускай прадукцыі. У Беларусі створаны Аманскі інвестыцыйны фонд.

З 1 па 3 снежня Лукашэнка наведае з афіцыйным візітам В’етнам. У Ханоі запланаваныя перамовы па пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.

У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, акрамя двухбаковых перамоў на найвышэйшым узроўні, Лукашэнка возьме ўдзел у канферэнцыі ААН у Абу-Дабі і правядзе шэраг сустрэч.

Падчас паездкі асноўную ўвагу плануецца надаць праектам у галіне вытворчай кааперацыі, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, стварэння высокатэхналагічных вытворчасцяў і развіцця гандлёва-лагістычнай інфраструктуры.

Умацаванне сувязяў з краінамі Персідскага заліва і Паўднёва-Усходняй Азіі названае стратэгічным напрамкам беларускай знешняй палітыкі.

Адзначым, што самалёт Boeing 767-32KER з рэгістрацыйным нумарам EW-001PB, які Лукашэнка выкарыстоўвае для замежных візітаў, прыбыў у Маскат яшчэ 26 лістапада. Паводле звестак сэрвісу Flightradar24, борт вылецеў з Мінска ў 09:49 па мінскім часе і прызямліўся ў Амане ў 15:42. Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра паездку толькі сёння.