Лукашэнка выказаў незадаволенасць Пяткевіч і Каранікам

Навіны
Фото: пресс-служба Лукашенко

Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняй справаздачы ўрада аб працы эканомікі выказаў прэтэнзіі да працы віцэ-прэм’ера Наталлі Пяткевіч і кіраўніка Акадэміі навук Уладзіміра Караніка.

Прэтэнзіі да Пяткевіч, якая курыруе сацыяльную сферу, узніклі на фоне разважанняў аб кадравым дэфіцыце. Лукашэнка звярнуў увагу, што ў краіне мноства бюджэтных арганізацый.

“Я кажу пра сотні бюджэтных прысосак у кожным практычна ведамстве і міністэрстве. Блатныя месцы для адстаўных чыноўнікаў і гэтак далей”, — сказаў ён.

Лукашэнка прапанаваў аптымізаваць структуры.

“Паглядзіце, чым загружаны спецыялісты па налічэнні розных дапамог, стыпендый і пенсій. Ганяюць людзей за ворахам даведак, якія і так даўно ёсць у дзяржаўных сістэмах, і атрымаць іх можна на месцы адным запытам. Толькі на пенсійную сістэму працуе паўтары сотні арганізацый і больш за 4 тыс. чалавек. Збіраеце ў чэргах натоўпы пенсіянераў, каб заяву аб чарговым пераразліку з рук у рукі прыняць. У краіне паўмільёна працуючых пенсіянераў. Калі ім хадзіць па вашых кабінетах? Дзе ваша хвалёная лічбавізацыя?” — сказаў ён.

Лукашэнка паставіў задачу пазбавіцца “ад незразумелых арганізацый, структур і бюракратаў”. На яго думку, Наталля Пяткевіч “буксуе” ў гэтай справе так жа, як і яе папярэднік Ігар Петрышэнка і Уладзімір Каранік. Паводле слоў Лукашэнкі, ён гатовы разгледзець прапановы прэм’ер-міністра па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў, але трэба разумець, што гэта дасць з пункту гледжання росту экспарту, эканоміі затрат і напаўнення бюджэту.

Ён адзначыў, што зноў ёсць прапанова расфарміраваць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, далучыўшы яго да Мінбудархітэктуры, аднак сам Лукашэнка сумняваецца, што гэта мэтазгодна. Колькасць супрацоўнікаў міністэрства даволі невялікая, усяго некалькі дзясяткаў чалавек, а праблемы ЖКГ хвалююць насельніцтва.

Пытанні да Караніка ўзніклі ў сувязі з працай Савета па стратэгічных праектах, створанага пры яго папярэдніку.

“Чакаем якаснага рыўка ад навукі як інавацыйнай асновы развіцця рэальнага сектара. Самы рухавы чалавек узначаліў Акадэмію навук, разумны, граматны, ініцыятыўны. Сказана ў апошнія месяцы нямала. Два гады таму стварылі Савет па стратэгічных праектах, уключылі ў яго склад вучоных і міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і банкіра. Аднак ад гэтай структуры я не бачыў ні магутных ініцыятыў, ні нават дробных нейкіх праектаў”, — сказаў Лукашэнка.

Ён пацікавіўся, што менавіта з прапаноў савета было ўключана ў Дзяржпраграму інавацыйнага развіцця на пяцігодку.

“Мы маем хранічна нізкі ўзровень укаранення навуковых распрацовак у краіне. Да высокатэхналагічных прамысловых вытворчасцей нельга аднесці нават 10% ад наяўных”, — сказаў ён і даручыў Караніку разам з віцэ-прэм’ерамі адпрацаваць адзін-два па-сапраўднаму стратэгічныя для краіны праекты па зацверджаных ВНС прыярытэтах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны