Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі прадукты высокай якасці, таму жыхары краіны павінны есці толькі беларускае. Пра гэта ён заявіў, выступаючы перад работнікамі прадпрыемства групы кампаній “Содружество” ў Смаргоні.
Паводле яго слоў, цяпер перапрацоўчыя прадпрыемствы працуюць нядрэнна, асабліва тыя, якія займаюцца малаком. Мясакамбінаты крыху адстаюць.
“Але ўсе яны ў прыстойным стане. Таму – якасная прадукцыя і попыт на яе. Самыя якасныя прадукты харчавання – у Беларусі. Не таму, што я – беларускі прэзідэнт. Вы самі ведаеце. І вы гэтым павінны ганарыцца. Вы павінны ўжываць у ежу толькі беларускія прадукты”, – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
“Хоць мы купляем сёе-тое з-за мяжы – тое, што не вырабляем: бананы ці яшчэ нешта. Даводзіцца завозіць. Але вы павінны разумець, што гэта каштуе столькі, колькі каштуе. Гэта не беларускае”, – дадаў ён.
Лукашэнка таксама расказаў, што дзяржава “стараецца крыху прыціскаць па цэнах і сыравіннікаў, і перапрацоўшчыкаў”, але тут галоўнае не перастарацца, інакш прадукты з’едуць у РФ і Кітай.
Нагадаем, доля беларускіх тавараў у абароце арганізацый гандлю дасягнула 55% па выніках студзеня-верасня, у тым ліку сярод харчовых тавараў яна склала 75,8%, а нехарчовых — 37,1%.