Лукашэнка сказаў жанчынам апранацца ў ільняное

Аляксандр Лукашэнка сёння сабраў нараду па развіцці льняной галіны. Яна праходзіць на базе “Аршанскага льнокамбіната”, дзе ён прыняў удзел у цырымоніі пуску лініі па вытворчасці кальцавой пражы высокіх нумароў з укладаннем катанізаванага льновалакна. Выступаючы з уступным словам на нарадзе, Лукашэнка вырашыў распачаць “слоўную інтэрвенцыю”, накіраваную на стымуляванне попыту на прадукцыю з лёну.

«Той, хто выбірае лён, робіць важкі ўклад у экалогію і падтрымку здароўя – свайго і сваёй сям’і. Таму жанчынам парада – у гардэробе аддаваць перавагу перш за ўсё ільняным вырабам. І пасцельную бялізну таксама выбіраць ільняную», – сказаў ён.

Ён таксама падкрэсліў, што лён у Беларусі з’яўляецца культурай палітычнай. Ён параўнаў яе з калійнымі ўгнаеннямі.

“Для Беларусі лён – культура не толькі стратэгічная, але і палітычная. На герб нашай краіны паглядзіце. Гэта важная частка культурна-гістарычнай спадчыны, адзін з нашых сімвалаў і вельмі шырокі сегмент эканомікі. Можна сказаць, наша золата разам з лесам і каліем”, – сказаў ён.

Трэба адзначыць, што аб’ёмы экспартнай выручкі ад продажу лёну і вырабаў з яго ў разы меншыя, чым ад рэалізацыі калійных угнаенняў. Пры гэтым, як паказваюць даныя расійскай статыстыкі, Беларусь імпартуе льновалакно. Напрыклад, па выніках васьмі месяцаў гэтага года з Расіі было завезена 982 тоны льновалакна.

На карысць працягу вырошчвання лёну Лукашэнка прывёў некалькі аргументаў, у тым ліку безадходнасць.

“Сёння Беларусь знаходзіцца ў тройцы сусветных лідараў па вырошчванні паўночнага шоўку – разам з Францыяй і Бельгіяй. Вось такая сучасная “льняная Нармандыя – Нёман” атрымліваецца ў нас. Нашу прадукцыю купляюць у 43 краінах свету. Але патэнцыял айчыннай галіны далёка не вычарпаны. Лён – расліна ўнікальная і пры пісьменным падыходзе практычна безадходная. Выкарыстоўваецца ў тэкстыльнай, харчовай, хімічнай, будаўнічай і ваеннай прамысловасці, медыцыне”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, цяперашняя нарада адрозніваецца ад папярэдніх. Гаворка ўжо не ідзе пра выжыванне галіны.

«Мы ўжо абмяркоўваем не выжыванне льнаводчай галіны, а гаворым пра яе развіццё па ўсім ланцужку стварэння дабаўленай вартасці», – сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што гэта апошняя размова на гэтую тэму, бо патрэбныя канкрэтныя дзеянні.

“Пры гэтым вы павінны ўлічваць, што верталётных грошай у нас няма. Усё, што выдзяляецца, даецца ў доўг на пэўны час, за які трэба ўкараніць тэхналогію і выйсці на эканамічныя паказчыкі бізнес-планаў. Вы з гэтымі планамі ідзяце ў банкі і Мінфін. Абараняеце іх і атрымліваеце грашовыя сродкі. Будзьце ласкавыя выконваць тое, што самі са сваімі калектывамі разлічылі. Дзяржаве ёсць чым займацца і што фінансаваць”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, патрабуецца пераналадзіць механізмы дапамогі льняной галіне. Сярэдні нумар атрыманага доўгага валакна – 9,7, кароткага – 2,8, аднак некаторыя прадпрыемствы атрымалі сярэдні нумар доўгага – 10,6, а кароткага – 3,7.

“Пры такіх нумарах і эканоміка нядрэнная. Але так, на жаль, не ўсюды. У краіне 19 льнозаводаў. І вынікі іх працы вельмі адрозніваюцца”, – сказаў Лукашэнка.

Два заводы Брэсцкай вобласці па выніках трох кварталаў атрымалі чысты прыбытак у суме 18,3 млн рублёў, два заводы ў Гомельскай вобласці – 2,4 млн рублёў, а шэсць ў Віцебскай – чыстую страту ў 1,2 млн рублёў.

“Не крыўдзячы сялян, трэба пераналадзіць механізмы дапамогі так, каб атрымліваць патрэбную нам сыравіну і запатрабаваную прадукцыю – пражу, тканіны і гатовыя ільняныя вырабы. Разглядаць сістэму дзяржпадтрымкі будзем комплексна – датацыі, дзяржзаказ, патанненне, пілотны праект па экспарце льновалакна”, – канстатаваў ён.