Лукашэнка сёння ляціць у Санкт-Пецярбург

Аляксандр Лукашэнка 21–22 снежня здзейсніць працоўны візіт у Расійскую Федэрацыю для ўдзелу ў самітах ЕАЭС і СНД. Мерапрыемствы адбудуцца ў Санкт-Пецярбургу, перадае яго прэс-служба.

Лукашэнка 21 снежня возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое пройдзе ў вузкім і пашыраным складах. У парадак дня ўключана каля дваццаці пытанняў. Кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза абмяркуюць фарміраванне агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў, асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці на будучы год, падыходы да развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з асноўнымі партнёрамі ЕАЭС і шэраг іншых пытанняў.

Запланавана сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Традыцыйная нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — удзельнікаў СНД адбудзецца 22 снежня. Яны ацэняць перспектывы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, а таксама падвядуць вынікі сыходзячага года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!