Фото: Reform.news
Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка падпісаў указ «Аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Дакумент рэарганізуе дзейнасць НАН, зацвярджае новы статут акадэміі і дае Лукашэнку права прысвойваць акадэмічныя званні.
«Дакумент накіраваны на ўдасканаленне навуковай сферы, арганізацыйнай структуры і дзейнасці НАН, а таксама падпарадкаваных ёй арганізацый, умацаванне іх навуковага і вытворчага патэнцыялаў, павышэнне практыка-арыентаванасці і эфектыўнасці даследаванняў, якія праводзяцца», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Шэраг дзяржаўных навуковых устаноў і навукова-практычных цэнтраў НАН будзе ліквідаваны, рэарганізаваны або пераўтвораны, каб «выключыць дублюючыя функцыі і сканцэнтраваць патэнцыял навуковых устаноў на вырашэнні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задач у галіне тэхналогій і тэхнікі, далейшым павышэнні эфектыўнасці навуковых даследаванняў».
Старшыня прэзідыума НАН, яго намеснікі і галоўны вучоны сакратар надзяляюцца статусам дзяржаўнага грамадзянскага служачага. Гэта зроблена для ўмацавання кіраўніцкай вертыкалі і ўзмацнення персанальнай адказнасці кіруючага складу за вынікі навуковай і гаспадарчай дзейнасці НАН.
Старшыня прэзідыума атрымлівае права прызначаць і вызваляць ад пасад кіраўнікоў, намеснікаў кіраўнікоў, вучоных сакратароў падпарадкаваных арганізацый.
Паўнамоцтвы прэзідыума і яго бюро пашыраныя за кошт дэлегавання асобных функцый агульнага сходу ў мэтах прыняцця аператыўных рашэнняў, якія датычацца дзейнасці Акадэміі навук.
Замацоўваецца гранічная штатная колькасць апарату НАН.
Указ змяняе правілы выбараў сапраўдных членаў і членаў-карэспандэнтаў НАН. Для вылучэння на званне акадэміка ўстаноўлены гранічны ўзрост 70 гадоў, на званне члена-карэспандэнта — 60 гадоў. Устаноўлены патрабаванні аб наяўнасці вучонай ступені доктара навук і вучонага звання прафесара, кіраўніцтве навуковымі, навукова-тэхнічнымі і галіновымі праграмамі, а таксама вялікім укладзе ў развіццё навукі, прац навуковага і практычнага характару па абвешчанай спецыяльнасці.
Указ дае Лукашэнку права прысвойваць акадэмічныя званні асобам, “якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі, айчыннай і сусветнай навукі”.
Лукашэнка збіраўся сур’ёзна прааналізаваць працу Акадэміі навук яшчэ тры гады таму, у кастрычніку 2023 года. У 2024 годзе была створана спецыяльная рабочая група. З таго часу Лукашэнка перыядычна вяртаўся да пытання і патрабаваў ад навукоўцаў вынікаў.