Лукашэнка разлічвае на працяг інтэграцыі пасля выбараў у РФ

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Уладзіміра Пуціна з правядзеннем адзінага дня галасавання. У віншаванні ён заявіў пра «беспрэцэдэнтную актыўнасць мільёнаў выбаршчыкаў» і канстытуцыйную большасць «Адзінай Расіі» ў Дзярждуме.

«Годны адказ на цынічныя спробы звонку дыскрэдытаваць кампанію, унесці раскол у згуртаванае расійскае грамадства», — заявіў беларускі кіраўнік.

На яго думку, вынікі галасавання сведчаць пра падтрымку расіянамі курсу, які праводзіць Пуцін.

Ён выказаў перакананне, што абноўлены склад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, а таксама абраныя службовыя асобы суб’ектаў РФ і дэпутаты “унясуць значны ўклад” у рэалізацыю інтэграцыйнага парадку дня.

Лукашэнка пажадаў адрасату “увасаблення ў жыццё ўсіх добрых намераў у славу Айчыны”.