Лукашэнка разлічвае на хуткую сустрэчу з султанам Амана

Аляксандр Лукашэнка разлічвае на хуткую сустрэчу з султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам. Пра гэта гаворыцца ў віншаванні, якое ён накіраваў з нагоды Нацыянальнага дня Амана.

Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, ён адзначыў, што будзе рады ў хуткім часе сустрэцца з султанам для працягу давернага дыялогу, прадметнага абмеркавання вынікаў праведзенай працы і будучых планаў. У віншаванні таксама знайшлося месца для слоў пра новыя яркія праекты.

“Разлічваю, што наступны год, які пройдзе пад знакам 35-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Мінскам і Маскатам, будзе напоўнены новымі яркімі праектамі і стане чарговай паспяховай старонкай у гісторыі нашага партнёрства”, – гаворыцца ў ім.

Нагадаем, у пачатку лістапада міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў анансаваў “вельмі цікавую, шматпланавую і дастаткова такую рознабаковую» паездку Лукашэнкі пасля саміту АДКБ.

У канцы лістапада мінулага года Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Аман, дзе толькі на чацвёрты дзень візіту з’явіўся на публіцы і правёў перамовы з султанам Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам. На наступны дзень пасля гэтага ён адправіўся ў Алжыр, адкуль зноў вярнуўся ў Аман, і толькі праз пару дзён вылецеў у Беларусь. У выніку яго паездка працягвалася з 28 лістапада па 7 снежня.