Лукашэнка просіць кіраўніка Сената Пакістана дапамагчы з рэвізіяй адносін з гэтай краінай

Аляксандр Лукашэнка незадаволены развіццём адносін з Пакістанам. Ён хоча рэвізіі дамоўленасцей. З просьбай паўплываць на гэтае пытанне ён звярнуўся да старшыні Сената Пакістана Саіда Юсуфа Разы Гілані, які прыехаў з візітам у Мінск.

Лукашэнка канстатаваў, што ўзровень палітычнага і парламенцкага ўзаемадзеяння з Пакістанам не адпавядае ўзроўню эканамічных адносін.

«Той узровень палітычнага ўзаемадзеяння, які ў нас існуе, і нават парламенцкага ўзаемадзеяння, ён відавочна не адпавядае таму эканамічнаму ўзроўню, які паміж Беларуссю і Пакістанам сёння рэалізаваны.

Апошні раз сустракаючыся з прэм’ер-міністрам Пакістана, мы дамовіліся, што ў найбліжэйшай будучыні, асабліва ў гэтым і наступным гадах, мы значна інтэнсіфікуем нашы адносіны ў сферы эканомікі», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, хацелася б, каб усе дамоўленасці рэалізоўваліся своечасова.

«Шахбаз (Шарыф, прэм’ер-міністр Пакістана — заўв. Reform.news) вельмі паглыблены ў нашы адносіны. Але, шчыра вам скажу, хацелася б, каб мы ўсё рабілі своечасова», — дадаў ён.

Пасля гэтага ён папрасіў кіраўніка Сената садзейнічаць рэвізіі двухбаковых адносін.

«У мяне да вас вельмі сур’ёзная просьба. Маю на ўвазе вашу вагу ў Пакістане, каб мы ў рамках міжурадавай камісіі правялі сур’ёзную рэвізію нашых адносін, праектаў, якія існуюць, і выйшлі на тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія сёння патрэбныя Пакістану і Беларусі. Каб не было затрымак у рэалізацыі гэтых праектаў», — працягнуў Лукашэнка.

Ён таксама акрэсліў некаторыя канкрэтныя праблемы, у прыватнасці, звязаныя з разлікамі.

«Вельмі важнае пытанне — наладжванне нармальнага фінансавага абмену, адносін у сферы фінансаў паміж нашымі дзяржавамі. Думаю, што гэта вам пад сілу сёння, маючы на ўвазе перш за ўсё тую ролю, якую вы адыгрываеце ў свеце, асабліва ў сувязі з тым, што вы робіце для ўрэгулявання канфлікту ў Армузскім праліве. Наладжванне нармальнай плацежнай інфраструктуры паміж нашымі дзяржавамі — гэта тое пытанне, якое значна зрушыць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што з-за фінансавых складанасцей зніжаецца аб’ём гандлю.

«Мы апошнім часам пачалі зніжаць гандаль паміж дзвюма дзяржавамі. Шмат у чым гэта залежыць ад той плацежнай інфраструктуры, якая сёння існуе. З нашага боку ніякіх праблем, затрымак тут няма. Думаю і спадзяюся, што пасля вашага візіту да нас гэтыя пытанні будуць урэгуляваныя і з пакістанскага боку», — сказаў ён.