Лукашэнка прапануе павялічыць пенсіі некаторым вайскоўцам

Аляксандр Лукашэнка накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект, накіраваны на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння вайскоўцаў.

Законапраект прадугледжвае павелічэнне памеру пенсій для асобных катэгорый вайскоўцаў па дасягненні імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

«Прыняцце закона дазволіць забяспечыць захаванне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці шляхам устанаўлення адзіных падыходаў да пенсійнага забеспячэння для ўсіх відаў дзяржаўнай службы», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Як патлумачыў намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў, законапраект датычыцца вайскоўцаў і службовых асоб органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, МНС, ДКСЭ.

У Беларусі ёсць тры разнавіднасці дзяржаўнай службы: грамадзянская, ваенная і ў ваенізаваных арганізацыях, а пенсіі вайскоўцаў і грамадзянскіх дзяржслужачых адрозніваюцца.

«Прэзідэнтам Беларусі прынята рашэнне аб накіраванні ў Нацыянальны сход законапраекта, які прадугледжвае змяненне падыходаў і парадку пенсійнага забеспячэння для вайскоўцаў, службовых асоб, якія праходзяць службу ў органах унутраных спраў, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, а таксама ў органах фінансавых расследаванняў», — цытуе Рахманава БелТА.

Для тых, хто належыць да гэтых катэгорый і займае кіруючыя пасады розных узроўняў (тэрытарыяльнага, абласнога, а таксама на ўзроўні цэнтральнага апарату), прапануецца павысіць памер пенсіі пры дасягненні імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (для мужчын — 63 гады, жанчын — 58 гадоў).

Рахманаў адзначыў, што змены будуць матываваць сілавікоў імкнуцца да прафесійнага і кар’ернага росту, што з часам прывядзе і да павышэння іх пенсій.