Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў вытворча-лагістычны комплекс ТАА “Белагратэрмінал” у Смаргоні. Ён належыць расійскай групе кампаній “Садружнасць”, якая спецыялізуецца на экспарце збожжавых і алейных культур. Падчас візіту Лукашэнка зрабіў кіраўніку групы Аляксандру Луцэнку прапанову, ад якой той, верагодна, не зможа адмовіцца.
“Мы без цябе ў Астраўцы і Ашмянах нічога не зробім. Ды і ў Смаргоні ў тым ліку. Таму трэба разгледзець, як гэта вось мы ў Шклове… Ты ж быў там?
Магілёў, «Хімвалакно» — пакутуе, што ў іх працы не хапае. Ну там мы вырашылі яго мадэрнізаваць. Працы не хапае. Працуе тры з паловай — чатыры тысячы чалавек. Вось ён упаўнаважаны. Як не хапае? Давайце ў сяло дапамагайце! Прывялі ў ідэальны парадак паўраёна”, – сказаў Лукашэнка.
Гэтаму прыкладу, паводле яго слоў, можа паследаваць і прадпрыемства Луцэнкі, у прыватнасці, дапамагчы з ачысткай вады, аднаўленнем ферм.
“Не трэба там тэхналогіі і іншае — тут ёсць каму займацца. Але ты дапамажы: тыпу ваду ачысціць дапамажы, парадак навесці на жывёлагадоўчым комплексе, яшчэ чаго-небудзь — ну там, дзе трэба прыкласціся, рабочыя рукі прыкласці. Таму ўсе прамысловыя прадпрыемствы павінны — у тым ліку атамная станцыя — павінны быць задзейнічаныя ў працы на поўначы Гродзенскай вобласці”, – сказаў ён.
Пасля гэтага Лукашэнка намякнуў, што адмова дапамагчы раёнам можа каштаваць прадпрымальніку яго бізнесу ў Беларусі.
“Усё, што табе трэба для жыцця, табе — ну, заробленыя твае грошы, прыватныя — мы табе тут створым. Але грошы павінны быць рэінвеставаныя, інвеставаныя ў краіну. Для таго каб не крыўдзіліся сяляне — гэта філасофія, сяляне — ты павінен укласціся ў зямлю асабіста, разам са сваім калектывам
Вось ты выцягнуў людзей з сяла з нашай дапамогай — ну дык трэба сялу нешта аддаць! У адваротным выпадку заўтра рапсу не будзе. Табе раю падключыцца тут, таму што ён атрымаў заданне ва ўрадзе. Паколькі па сяле мы глядзім: каму мы грошы выдзяляем, колькі выдзяляем, навошта мы датуем і каго датуем? У нас мы мільянераў датуем і жабракоў датуем. Ну навошта мільянераў датаваць? Ну трэба разумець, што, хлопцы, ну падняліся вы, добра працуеце — ну і працуйце. Гэта ў сельскай гаспадарцы.
А цяпер мы паглядзім на гэтыя свабодныя эканамічныя зоны. Ну так, не велізарныя там ты нейкія сродкі атрымліваў — ільготамі, ільготамі, — але гэтага хапіла б, каб людзям нармальную ваду даць, гэтага хапіла б. Таму мы цяпер разбяромся з гэтымі свабоднымі зонамі: што мы там льгатуем ім — прыбытак, па-мойму, падаткі на нерухомасць, на зямлю і гэтак далей…
Гэта не значыць, што мы ў цябе забяром гэтыя льготы, але мы ўжо персанальна будзем глядзець па гэтых прадпрыемствах. Таму калі ты будзеш на добрым рахунку, ну і дзяржава да цябе будзе добра ставіцца
Калі ты не будзеш хварэць за гэтую зямлю… Вядома, шкада: стварыў такое прадпрыемства, мільёны долараў, мы загубіць яго не можам, я ў гэтым плане чалавек сквапны. Але калі ў мяне будуць на шалях людзі і твае гэтыя мільёны — ты ведаеш, каго я выберу”, – сказаў ён.
“Нам патрэбны план аднаўлення гэтых трох раёнаў. Дай бог, каб вось да ўзроўню Шклова. Я большага не патрабую, хоць Смаргонскі раён не горшы за Шклоўскі. І Астравецкі не горшы за Шклоўскі. Калі тут парадак навесці — ну так, як ён вось на зямлі узараў… Ён жа мяне ведае таксама, што я за гэтым сачу. Таму ён так хітра… Нават трактары недзе на палях працавалі па маім маршруце. Ну я цяпер па іншым маршруце дадому буду вяртацца”, – дадаў Лукашэнка.
Падчас паездкі сёння Лукашэнка крытыкаваў старшыню Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева. Ён выказаў незадаволенасць сітуацыяй на палях, сказаўшы, што “гэта не гродзенскі варыянт”, патрабаваў ад абласнога кіраўніка паскорыць тэмпы будаўніцтва арэнднага жылля.
“Усю прамысловасць поўначы падцягнуць сюды, навесці ідэальны парадак. На гэта ў вас будучы год. Гэта для вас экзамен. Далей цягнуць не можам. Гэта не ўзровень Гродзенскай вобласці”, – сказаў ён.