Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка патрабуе да канца года забяспечыць у краіне вытворчасць асноўных хадавых боепрыпасаў. Пра гэта ён заявіў сёння на тэматычнай нарадзе.
«Тое, што ў сучасных умовах самадастатковая дзяржава можа існаваць, ні ў каго не павінна выклікаць сумненняў. На жаль, калі мы сёння гаворым пра самадастатковасць, маем на ўвазе перадусім вайсковую сферу, бяспеку ў вайсковай сферы.
Хацелі б мы гэтага ці не, я даўно пра гэта папярэджваў і беларускі народ, вы тым больш пра гэта ведаеце, нам давядзецца ўмацоўваць нашу абараназдольнасць», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Лукашэнка выказаў асцярогі з нагоды росту вайсковых выдаткаў суседніх краін. Варта адзначыць, што ў першую чаргу ён справакаваны ўварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі.
«Нарашчванне вайсковай кампаненты ля нашых межаў, асабліва з боку Польшчы, нас не проста насцярожвае. Мы разумеем, што гэта проста так не робіцца. Людзі грошы проста так на танкі і боепрыпасы не трацяць. Таму ў свой час мною было прынята рашэнне з улікам спецыяльнай вайсковай аперацыі Расійскай Федэрацыі заняцца ўмацаваннем нашай абароназдольнасці яшчэ ў больш сур’ёзных маштабах», — дадаў ён.
Лукашэнка таксама падкрэсліў, што вайна ва Украіне вядзецца не толькі ракетамі і беспілотнікамі. Паводле яго слоў, па-ранейшаму вялікую ролю адыгрываюць звычайныя ўзбраенні, у тым ліку РСЗА «Град».
«Па-ранейшаму ў ходзе вайны ва Украіне мы бачым, вялікую ролю адыгрываюць звычайныя ўзбраенні. Артылерыя, 152-я боепрыпасы да яе. І вельмі эфектыўна сябе зарэкамендавалі ўстаноўкі „Град“ — былая „Кацюша“ ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны тады вельмі сур’ёзна дапамаглі нам, і сёння гэтыя ўстаноўкі тыпу „Град“ адыгрываюць вялікую ролю на полі бою.
Таму ў свой час было прынята рашэнне аснасціць боепрыпасамі нашы ўстаноўкі. Прынята было рашэнне аб будаўніцтве ў нас адпаведных вытворчасцяў, якія маглі б выпусціць дастатковую колькасць боепрыпасаў. Ніякага сакрэту тут няма, я гэтага не хаваю. Вы бачыце, што робіцца ў Заходняй Еўропе. „Райнметал“ і іншыя найбуйнейшыя кампаніі Еўропы ва ўсё большай колькасці вырабляюць боепрыпасы», — дадаў Лукашэнка.
Лукашэнка падкрэсліў, што вытворчасць асноўных боепрыпасаў павінна быць разгорнута ў краіне да канца года. Ён адзначыў, што ў цэлым нарада носіць закрыты характар.
«Але галоўнае пытанне — як ідзе стварэнне магутнасцяў па вытворчасці боепрыпасаў? У наступным годзе, нават да канца гэтага года, мы павінны мець свае боепрыпасы. Хадавыя боепрыпасы.
Перад намі калісьці стаяла пытанне аб уласнай вытворчасці патронаў. Мы гэтае пытанне вырашылі. Гранатамёты будуць мець сваё месца ў любым баі, асабліва ў нас, у сувязі з тымі ўмовамі, якімі мы валодаем, прыроднымі ўмовамі. Таму стрэлы для гранатамётаў павінны быць свае. І трэба разумець, што ўсе боепрыпасы могуць добра захоўвацца. І мы ў дастатковай колькасці можам іх вырабляць і пакласці на склад.
Гэта не беспілотнікі, якія на склад у вялікай колькасці не пакладзеш. Ды і складоў колькі трэба для таго, каб захоўваць беспілотныя лятальныя апараты розных тыпаў», — сказаў ён.
«Як арганізавана вытворчасць у сувязі з маім даручэннем? І хачу папярэдзіць усіх — барані вас Бог сарваць гэтае мерапрыемства па тэрмінах», — папярэдзіў Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу на размеркаванне паўнамоцтваў і задач.
«Я не хачу, каб урад адыходзіў у бок ад гэтых праблем. Але ў кожнага свае задачы. Фінансаванне — разам з міністрам фінансаў і іншымі вы за гэта адказваеце. А арганізацыя і кантроль павінны быць на Дзяржаўным сакратарыяце і Камітэце дзяржаўнага кантролю», — сказаў ён.
Сярод удзельнікаў нарады — прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч, старшыня КДК Васіль Герасімаў, віцэ-прэм’еры Віктар Каранкевіч і Анатоль Сівак, міністр абароны Віктар Хрэнін, міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч і старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.