Фото: пресс-служба Лукашенко
Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ №359 ад 14 кастрычніка “Аб інвестыцыйным праекце”. Большая частка зместу дакумента схаваная пад грыфам “для службовага карыстання”.
З адкрытай часткі вынікае, што на пляцоўцы РУП «Наваполацкі завод БВК» будзе рэалізаваны інвестыцыйны праект па будаўніцтве цэлюлознага завода магутнасцю 800 тыс. т у год. Указ уступіў у сілу з дня яго прыняцця.
Маёмасны комплекс РУП “Наваполацкі завод БВК” указам №226 ад 7.05.2012 быў перададзены юрыдычнай асобе, якая ствараецца з удзелам ТАА “Інтэрсэрвіс”, якое звязваюць з бізнесменам Мікалаем Вераб’ём. Яго паляўнічую гаспадарку ў Верхнядзвінскім раёне на гэтым тыдні наведваў Аляксандр Лукашэнка.
Ва ўказе 2012 года мэтай перадачы “Наваполацкага завода БВК” была ўказана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта. Першапачаткова гэта быў праект стварэння вытворчасці па перапрацоўцы нафты і іншай вуглевадароднай сыравіны магутнасцю 1,5 млн т і тэрмінала па захоўванні і перавалцы сыравіны і нафтапрадуктаў магутнасцю 1,5 млн т у год. Праект павінны былі рэалізаваць да 2021 года.
Аднак ужо ў 2013 годзе праект замянілі. На гэты раз гаворка ўжо ішла пра выпуск імпартазамяшчальных аўтакампанентаў і спецтэхнікі, для чаго меркавалася стварыць тры заводы па вытворчасці акумулятараў, гідрацыліндраў і спецыяльных машын. Тэрміны рэалізацыі адсунулі на 2023 год.
Наступны раз указ змянілі ў 2019 годзе. У ім ужо з’явіўся інвестпраект па стварэнні вытворчасці малатанажнай хіміі і нафтахіміі, уключаючы аб’екты інжынернай і транспартнай інфраструктуры, які павінны былі рэалізаваць да 1 студзеня 2024 года. У 2023 годзе тэрміны рэалізацыі гэтага праекта перанеслі на 1 студзеня 2027 года.
Новым указам прызнаны страціўшым сілу першапачатковы ўказ №226, прыняты ў 2012 годзе, а таксама ўсе ўказы, якімі ў яго ўносіліся змены.