Лукашэнка пацвердзіў планы будаўніцтва новага азотнага камбіната

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра планы пабудаваць новы камбінат па вытворчасці азотных угнаенняў і выказаўся за павелічэнне вытворчасці фосфарных угнаенняў. Пра гэта ён заявіў на нарадзе аб сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця 9 лістапада, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Лукашэнка нагадаў, што Беларусь адправіла ЗША пробную партыю калійных угнаенняў. Ён падкрэсліў, што ўгнаенні павінны атрымліваць перш за ўсё беларускія аграрыі, і заявіў пра неабходнасць стварэння добрых баз і складоў для захоўвання.

«Яны пад адкрытым небам ляжаць не павінны. Тут прабачэння не будзе. Сёння ўгнаенні маюць прыстойную цану. Нават амерыканцы просяць мяне, каб ім паставілі калійныя ўгнаенні. Пробную партыю мы адправілі. Разгружаем. Але мы перш за ўсё глядзім на тое, каб забяспечыць сваіх сялян», – адзначыў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі плануецца будаўніцтва новага азотнага камбіната.

«Больш за тое (цяпер прапрацоўваецца пытанне), мы плануем будаўніцтва яшчэ аднаго камбіната па вытворчасці азотных угнаенняў. Вельмі актыўна працуем па фосфары. Я асабіста хацеў бы, каб фосфарныя ўгнаенні ў большым аб’ёме ў нас вырабляліся. Тады ў нас будзе комплекс. І сёння на рынку вялікія грошы плацяць за гэтыя комплексныя ўгнаенні», – сказаў ён.

Нагадаем, у верасні гэтага года на сустрэчы з губернатарам расійскай Ульянаўскай вобласці Аляксеем Рускіх Лукашэнка прапанаваў узвесці азотны камбінат сумесна з “Газпрамам”, каб прадаваць прадукцыю ЗША.