Лукашэнка назваў ШАС “вялацякучай арганізацыяй”

Аляксандр Лукашэнка на Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы выступіў з крытыкай АБСЕ. Аднак дасталося і рэгіянальным арганізацыям. ШАС удастоілася эпітэта “вялацякучай”.

“На жаль, сёння сіла міжнароднага права пры папушчальніцтве і з маўклівай згоды міжнародных інстытутаў пакуль цалкам саступае праву сілы. У першую чаргу гэта датычыцца Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пры ўсёй павазе да гэтай арганізацыі, шмат гаворыцца, але практычна нічога не робіцца.

У свой час Ліга Нацый, на змену якой прыйшла ААН, распалася з прычыны сваёй няздольнасці прадухіліць Другую сусветную вайну. Баюся, што ААН наканавана тая ж роля. Не хацелася б. Ні для каго не сакрэт, што сёння ў апараце арганізацыі запраўляюць заходнія чыноўнікі. Нядзіўна, што яе парадак дня не адпавядае інтарэсам глабальнай большасці. Пануюць разгубленасць і нявызначанасць, а ад духу салідарнасці не засталося і следу”, – сказаў ён.

На гэтым фоне, на думку Лукашэнкі, дзяржавы глядзяць на рэгіянальныя арганізацыі. Але яны таксама не адпавядаюць іх запытам.

“Цалкам лагічна, што ў гэтых умовах краіны імкнуцца да рэгіянальных аб’яднанняў, дзе можна вырашыць праблемы разам з аднадумцамі. Мне вельмі хацелася б сёння сказаць пра тое, што ў дадзены момант расце значэнне ШАС, БРІКС і АДКБ, іншых платформаў. Гэтага я сказаць не магу. Там таксама нейкі вялацякучы парадак дня і паводзіны яе членаў. Пра гэта я казаў на адным з пасяджэнняў ШАС”, – сказаў ён.