Лукашэнка мае намер супрацоўнічаць з Кітаем, пакуль “будзе існаваць наша краіна як самастойная і незалежная дзяржава”

Аляксандр Лукашэнка сёння правёў нараду па развіцці супрацоўніцтва з Кітаем. Ён падкрэсліў, што рашэнне аб узаемадзеянні з КНР перагляду не падлягае. Паводле яго слоў, Мінск і Пекін будуць супрацоўнічаць столькі, колькі будзе самастойная Беларусь.

“Рашэнне аб выбудоўванні з Кітаем стратэгічных адносін самага высокага ўзроўню перагляду не падлягае. Наадварот, мы будзем інвеставаць рэсурсы, час, увагу ва ўмацаванне нашага супрацоўніцтва. Для гэтага ёсць усе рэзервы. Кітай — гэта ўсур’ёз і надоўга. З Кітаем мы будзем супрацоўнічаць заўсёды, колькі будзе існаваць наша краіна як самастойная і незалежная дзяржава. Я ўпэўнены, што мы будзем незалежнымі і суверэннымі таксама заўсёды”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Ён адзначыў, што Кітай сёння з’яўляецца асноўным партнёрам для ўсіх краін, якія імкнуцца развівацца.

“Ва ўмовах тэктанічных геапалітычных змяненняў Пекін для Мінска — найважнейшая кропка апоры. І не толькі для Мінска. Асаблівы статус беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння прызнаюць і ўлічваюць усе — ад расіян, амерыканцаў да краін Афрыкі.

Для нас Кітай — найнадзейнейшы саюзнік па ўсіх пытаннях”, — сказаў ён.

Разам з тым ён адзначыў, што супрацоўніцтва з КНР мае сваю спецыфіку.

“Кітай нікуды не спяшаецца. Гэта традыцыйна. Мы да гэтага прывыклі. Многаму ў кітайцаў сёння вучымся — найстаражытнейшая нацыя. Раю, хто не знаёмы, азнаёміцца з гісторыяй КНР”, — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што супрацоўніцтва з КНР прынесла свае плады: ад аўтамабіляў BelGee да новых спартыўных аб’ектаў і прамых авіярэйсаў у Кітай, якія павінны павысіць долю турызму ў беларускай эканоміцы.

“Упэўнены, мы можам больш. Рычагі для гэтага вядомыя: уласная тавараправодная сетка са складамі і лагістыкай. Прамыя пастаўкі, у тым ліку ў гандлёвыя сеткі і канчатковаму спажыўцу праз электронны гандаль. Сумесныя вытворчасці на іх тэрыторыі і ў нас — канкрэтна пад кітайскага пакупніка. Нарэшце, праца з кітайскімі рэгіёнамі”, — сказаў ён.

Лукашэнка лічыць, што долю Кітая ў беларускім экспарце трэба нарошчваць.

“У ідэале — да двухзначных лікаў. Вось гэта будзе якаснае змяненне”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!