Лукашэнка лічыць, што новае пакаленне не гатовае “ўзяць і ўтрымаць краіну”

Аляксандр Лукашэнка ў чацвер увечары выступіў на моладзевым форуме “Моладзь. Беларусь. Будучыня”. Ён у чарговы раз заявіў, што не трымаецца за ўладу і нават гатовы перадаць краіну новаму пакаленню, аднак яно яшчэ не гатовае да гэтага.

“Нас хочуць загнаць пад бізун. Я не згушчаю фарбы, мне гэта не трэба. Я вас проста папярэджваю як будучых кіраўнікоў краіны, якім, як я ўжо казаў, трэба забяспечыць суверэнітэт і незалежнасць. Загнаць пад бізун. Прыкладна так, як цяпер працуюць нашы, як яны сябе называюць, урад і офісы ў выгнанні. За мінулыя стагоддзі, асабліва апошнія 30 гадоў, іх у нас нямала назапасілася, гэтых офісаў з ліку збеглых у выгнанні, князёў, магнатаў і іншых кіраўнікоў на розных кантынентах, якія дагэтуль не разумеюць, што на нашай зямлі ёсць толькі адзін гаспадар — народ Беларусі. Абяцаю вам, што так і будзе.

Да ўлады мяне прывёў народ насуперак усяму, што адбывалася. І ніколі не верце таму, што Лукашэнка, цытата, утрымлівае ўладу пасінелымі рукамі. Ды бог з тымі, хто гэта кажа.

Я ўжо наеўся гэтай улады так, што далей няма куды. Пытанне стаіць толькі ў тым: вы здольныя сёння ўзяць краіну і ўтрымаць яе? Калі здольныя — заўтра прыступаць. Калі шчыра, станоўча адказаць на гэтае пытанне я пакуль не магу. Не крыўдуйце”, — сказаў ён, звяртаючыся да прысутных.

Прамова Лукашэнкі таксама была перапоўненая абвінавачаннямі ЗША ў імперыялізме. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што ў перамоўным працэсе ад яго не патрабуюць здрадзіць Расіі.

Лукашэнка таксама выклаў сваё бачанне міжваенных падзей, калі пасля Рыжскага мірнага дагавора Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Паводле яго слоў, у 1920 годзе Польшча перамагла Чырвоную армію пры дапамозе Захаду. У міжваенны перыяд беларусы ў Заходняй Беларусі сутыкаліся з пераследам, не маглі вучыцца на сваёй мове.

Паход Чырвонай арміі супраць Польшчы, які пачаўся 17 верасня 1939 года, праз два тыдні пасля нападу на краіну гітлераўскай Германіі, Лукашэнка не лічыць вайной. Паводле яго слоў, Сталін і Гітлер у пакце Молатава — Рыбентропа, сакрэтны пратакол да якога ўстанаўліваў падзел тэрыторый ва Усходняй Еўропе, нічога не дзялілі, а “савецкія войскі вярнулі тое, што належала беларусам і той велізарнай краіне, у якой мы жылі”.